Founded by the European Union
Пётра

Cтудэнцкія працы

Пётра

Фінальная праца студэнта курса "Сторытэлінг" Фрыдрыха Самотнага

Фрыдрых Самотны

Пётра
апавяданне


Пётра сядзеў дома. Быць дома яму вельмі падабалася, ён любіў гэтую кватэру любой парой года, у любы час содняў.

Раён быў ціхі і зялёны, хаця і недалёка ад цэнтру. У любы момант можна было выйсьці, апынуцца ў парку альбо ля ракі, альбо ў кавярні-вінярні, калі хацелася сустрэць кагось са знаёмых, альбо проста выпіць чаго.

Пачыналіся сутоньні, самы злавесны час. У сэнсе не такі ўжо злавесны, але час пераключэньня дзённай бадзёрасьці на начную ўтаропленасьць. Самы час каб выпіць гарбаты, расьцягнуць гэты вечар яшчэ больш – перад заўтрашняй раніцай, якая зваліцца непазбежна і неадступна, як вырак судзі на чарговым пасяджэньні банальнай рэальнасці, у якой быў змушаны знаходзіцца і імітаваць дзейнасьць Пётра.

Чаму імітаваць? Ды таму, што было цяжка ўсур’ёз адносіцца да гэтых нецікавых абавязкаў кшталту работы, шляху да яе, імітаваць зацікаўленасьць пры вырашэньні шараговых нецікавых задач, якія мог выконваць хто заўгодна іншы. Так, Пётра не разумеў, што ён робіць і навошта, чыё месца ён займае, і дзе яго ўласнае.

Але гэтая кватэра была дакладна ягоным месцам, у якім ён мог прабавіць колькі заўгодна часу.

***

На рабоце ўсё было зноў нецікава. Але пасьля абеду  прывалакліся два тыпусы ў цывільным і доўга знаходзіліся ў дырэктара, зачыніўшыся знутры. Пасьля да дырэктара пачалі выклікаць па адным. З чым гэта магло быць зьвязана, было зразумела, было незразумела, чаму гэта адбываецца ў гэткай форме, бо звычайна ўсё адбывалася крыху інакш. А мабыць, усё ж такі, гэта тычылася недастаткова аплачаных падаткаў ці іншых фінансавых рэчаў. Тады пытаньне звычайна вырашалася банальным водкупам.

Але ж сталі выклікаць па адным у дырэктарскі кабінэт. Выклікалі Аляксея, Марыну. Па выхадзе яны нічога не распавядалі, моўчкі зьбіраліся і сыходзілі. Пётра выскачыў за Аляксеем, каб распытаць на лесьвіцы.

  • Лёша, так што там за шухер? – той спыніўся і павольна азірнуўся.

  • Не магу сказаць, я пад распіскай аб неразгалошваньні.

  • Ну дык ты не разгалошвай, скажы, да чаго рыхтавацца, – новую працу пачынаць шукаць?

  • Ведаеш, магчыма, – пасьля прамаруджваньня адказаў Аляксей, і тут жа хутка разьвярнуўся і пачаў зьбягаць па сходах.

Гэта ўсё выглядала неяк вельмі непрыемна і падазрона. Пётра вярнуўся ў кабінэт, чакаючы, пакуль выклічуць і яго. На працы засяродзіцца ўжо было немагчыма, ён гартаў навіны. Пасьля пагартаў забароненыя навіны, тут жа выдаліў гісторыю і VPN. Праверыў свае стэрылізаваныя сацсеткі – здаецца, ўсё добра, узорны парадак чалавека, які нічым, апроч прыроды і ўласнай ежы на сподах, не цікавіцца.

Працоўны час амаль скончыўся, а яго ўсё не выклікалі. З’явілася пякучае жаданьне, каб гэтага не адбылося, прынамсі сёньня. Час пацягнуўся вельмі марудна. Яшчэ больш марудна, чым да таго, напружаньне ж, наадварот, пачало нарастаць. Над кабінэтам дырэктара вісеў белы круглы казённы гадзіньнік, стрэлкі былі толькі на гадзіны і хвіліны. Пётра сядзеў, разьвярнуўшыся ў крэсьле ў бок гадзіньніка з кабінэтам і чакаў, утаропіўшыся поглядам у дзьверы.

Нічога супрацьпраўнага ён не рабіў, і ў любой іншай краіне яму не было б чаго пераймацца. Але не ў гэтай, з жорсткай палітычнай паліцыяй, дзе для затрыманьня было дастаткова лайка пад няправільнай навіной ці допісам. І апошніх ён таксама не рабіў. Але магло быць дастаткова і ананімнага даноса, каб апынуцца за кратамі на доўгія гады. Ці былі ў яго ворагі? Падобна, што не, але ж ніколі ня ведаеш, магло быць дастаткова проста антыпатыі. Людзі, якія пішуць даносы, звычайна не абцяжараныя маральнымі прынцыпамі. І што дзеецца  ў іх галовах, увогуле невядома нікому, мабыць, і ім самім.    

Пётра перабіраў у думках сытуацыі, у якіх патэнцыйна мог перайсьці камусьці дарогу альбо выклікаць незадаволенасьць ці раздражненьне. Усплывалі розныя моманты, пераважна зь людзьмі сталага веку. Вось суседка зьнізу зноўку наракае на шум, падлавіўшы яго на лесьвіцы. Але перад тым ён роўна ляжаў на канапе ўвесь дзень, аб чым намагаўся давесьці і што выклікала яшчэ большае раздражненьне зь яе боку. А хто яе дзеці? Ці ў яе не было дзяцей? Да яе ніхто ніколі не прыходзіў, то, мабыць, і не было. І дзеда ў яе не было – ці наогул, ці памёр яшчэ да той пары, як Пётра заехаў у кватэру над ёй. У кватэры былі старыя водаправодныя краны. Аднойчы ўначы адзін зь іх пачаў гусьці. Пётра да той пары не ўклаўся яшчэ, і пачуў гэты гуд, які нарастаў, з кухні. Ён прыадкручваў кран і заціскаў зноўку. Гуд крыху зьмяняўся, але не спыняўся. Гэта быў кран гарачай вады, шматкратнае паўтарэньне маніпуляцыі не давала плёну. Пётра пачаў пастукваць па ім, адкручваць і закручваць рэзкімі рухамі. У нейкі момант гуд сьціхаў. Але цераз хвіліну зноў пачынаў нарастаць. Перакрыць ваду не было магчымасьці, бо кран быў агульны на пад’езд і у сутарэньнях невядома дзе. З суседкай зьнізу Пётра тады сам яшчэ не сутыкаўся, але яму пасьпелі распавесьці пра яе, таму ён надта пераймаўся з гэтай нечаканай начной сэрэнады. Але падобна, старая спала добра, бо ніякага варушэньня ўнізе і збоку чутна не было. Кран Пётра ўрэшце перамог, адкруціўшы крыху і пакінуўшы тонкі струменьчык. Хутка ў доме адбыўся рамонт, усім памянялі трубы й паставілі лічыльнікі, Пётра замяніў краны.

Але ж, вядома, гэта было ўсё  ня тое, – на рабоце была сыстэмная аблава. Мабыць, тое было больш зьвязана з эканамічымі “злачынствамі”, якія немагчыма абмінуць, нават робячы ўсё па законе. Яны не атрымлівалі зарплат у капэртах. Праўда, здараліся прэміі за завершаныя праекты і перапрацоўкі. Але з гэтым праблем не мусіла быць, бо іх фірма спраўна сплачвала, апроч падаткаў, дадатковыя сумы. Адбывалася гэта вельмі проста: з падатковай прыходзіла дзяўчына, заходзіла ў кабінэт дырэктара і хутка выходзіла, бо справа была простая і кароткая, – на маленькім кавалку паперы была напісана сума для дадатковай аплаты. Як яны яе вылічвалі, было цалкам невядома, відаць, раскідвалі недабор па падатках на ўсіх, хто не выдзелваўся, а плаціў, і далей прапарцыйна дзялілі. А мабыць, і не прапарцыйна, а сыходзячы зь цеплыні асабістых адносін. Рэч гэта была, зразумела, незаконная. Але супраць падатковай не папрэш.

Сам тых паперак зь лічбамі Пётра ня бачыў, але бачыла Галя на дырэктарскім стале. Ды й сам дырэктар не хаваў гэтага і адкрыта казаў пра дадатковыя падаткі, але без канкрэтных сум. Мабыць, яны былі прымальнымі. Таксама Пётра ведаў, што за ўдзел у тэндэрах і спрыяньне ў перамозе ў іх таксама сыходзіла значная частка прыбытку. Але ён быў звычайным выканаўцам, яго цешыў пэўны талент дырэктара па вырашэньні ўсіх гэтых справаў, дзякуючы чаму фірма працягвала існаваньне, і ў яго, Пётры, не было неабходасьці шукаць новую працу. Таму Пётры заўсёды было важна ведаць, што адбываецца, каб не прапусьціць прыкмет экзістэнцыйных для фірмы праблем. Фірма – гэта карабель, зь якога лепей уцячы да атрыманьня незваротнай прабоіны. І ніякія параўнаньні з пацукамі, што ўцякаюць, не падыходзяць, бо нясплачаныя грошы застануцца нясплачанымі, а сэнс работы для працаўніка ў грашах, а не ў самой рабоце, якой бы цудоўнай тая ні была. А сэнс тых грошаў таксама не ў грошах, што было б заганным зь нейкіх звышвысокамаральных пазыцый, а ў банальным задавальненьні спатрэбаў арганізма і адноснай мінімальнай незалежнасьці. Большага  тым, хто працаваў звычайным выканаўцам, у гэтай краіне не выпадала.

Але ж прычына аблавы магла быць і іншай, паспрабуй адгадай, што ў тых каротка абстрыжаных і лысых галовах, якія тыя аблавы чыняць. Гэта асаблівы сорт людзей, зь нейкім зусім іншым кадаваньнем, якое ім робяць у іхных вучэльнях і па месцы працы. Апроч адрознай ад звычайных людзей матывацыі, гэты сорт адрозьніваўся эмацыйнай стэрыльнасьцю і адсутнасьцю не тое што эмпатыі, а нават разуменьня таго, што яны робяць зь людзьмі і зь якіх непрапарцыйных нагодаў. 

Складалася ўражаньне, што звычайныя людзі для іх ужо і не былі людзьмі, а толькі неразумнай зграяй. Да ўсіх затрыманых аўтаматычна дзейнічала прэзумпцыя вінаватасьці. То бок, калі затрыманы, то вінаваты. А калі вінаваты – гэта яшчэ менш чалавек, чым калі ён у зграі, у адносінах да яго больш ня дзейнічаюць ніякія нормы юрыдычнага права. Пра маральныя ж гаворкі ўвогуле не ішло, ад яго выканаўцы сыстэмы былі надзейна адвучаны. Альбо гэтыя нормы дзейнічалі ў іх толькі ў адносінах да некаторых калегаў і начальства. Цікава, як у іх гэта працуе, – як пераключальнік ці яны адно імітуюць у патрэбных выпадках?

Любому ж затрыманаму прыходзілася нялёгка: яго абражалі, зьбівалі, сыстэмна катавалі, вымагаючы адно прызнаньня “віны”, што і станавілася доказнай базай у будучым “судзе”. Судзьдзі былі гэткімі ж самымі свалачамі, іх кар’еры вымяралася ў сотнях і тысячах год выракаў, яны проста “працавалі сваю працу”.

Адсотак апраўдальных выракаў складаў дзесьці каля 0,1%, і тлумачыўся адно выпадкамі заступніцтва за падсудных нейкага высокага начальніка. Бо, здаралася, бралі кагосьці зь іх дзяцей, сваякоў, каханкаў, каханак і гэтак далей. Але часта яны ня ўмешваліся, каб не падстаўляцца. Бо і іх саміх рэгулярна тасавалі і саджалі зь мінімальных нагодаў – хутчэй для прафіляктыкі, каб ведалі сваё месца.

Працоўны дзень скончыўся. Пётра нерашуча ўстаў, стаў зьбірацца. Усе супрацоўнікі, якіх выклікалі ў кабінэт, сышлі. Такім чынам засталіся толькі Пётра і яго начальніца, грузная жанчына-аўтамат. Аўтамат у сэнсе шырокай прафэсійнай дэфармацыі і тэхнічнага падыходу да любых справаў.

У кабінэце дырэктара было надзвычай ціха, і тое было вельмі дзіўным. Мабыць, ён ужо нежывы?

  • Да пабачэньня, – сказаў Пётра.

Начальніца была занураная ў нешта ў маніторы, толькі крыху прыўзьняла з-за яго вочы і таксама амаль аўтаматычна разьвіталася.

  • А калі ты сваю частку даробіш? – перапытала, раптам спахапіўшыся.

  • Думаю, панядзелак-аўторак. У прынцыпе, мала засталося. Калі толькі нічога зноў ня зьменіцца па іншых разьдзелах, – пачаў дзяжурна адказваць Пётра, бо ўжо вельмі карцела выскачыць як найхутчэй прэч.

  • Ну добра, глядзі не зацягвай. Да панядзелка! – урэшце адказала тая і зноўку пераключылася ў свой манітор. Можна было нарэшце сыходзіць.

Што Пётра і зрабіў. Ён абачліва прытрымаў дзьверы, каб тыя ня бразнулі, прайшоў калідорчык з мяккім дывановым пакрыцьцём, праз вэстыбюль выкуліўся на лесьвіцу і хутка паскакаў па сходах.

Выйшаўшы з будынка, Пётра агледзеўся, але падазронага нічога не было. Падобна, прыйшлі усё ж такі па дырэктара. А гэткая драбяза, як ён, іх цікавіла толькі ўскосна. З чым ён сам сябе павіншаваў і весела пакрочыў да дому. Дзень быў пагодны, сонечны, пятніца. Рэчка ўжо амаль пазбавілася лёду, вар’яцкі вясновы вецер пэрыядычна налятаў, надзьмуваючы ў вушы. Сонца ж прыемна грэла.

Пётра пабыў ля рэчкі, у парку, зайшоў у краму і скіраваўся дадому. Гэта быў яго найулюблёнейшы момант, калі выходзіць больш патрэбы не было, а наперадзе чакалі 2 дні і 3 вечары, ў якія ён ня быў нікому нічога вінны.

Цяпер ён мог слухаць якую хоча музыку, глядзець сэрыялы, нічога не глядзець і ня слухаць, а нешта сабе думаць альбо яшчэ што заўгодна. Піць гарбату альбо крыху віна, ці проста вады. Два дні і тры вечары належыць толькі сабе было для яго галоўнай асалодай.

Ранак суботы ён не любіў, бо ў гэты дзень людзі вакол кідаліся рабіць справы, што назапасіліся за тыдзень. Субота станавілася прыемнай толькі бліжэй да вечара, калі заціхала ўся гэтая мітусьня. А вось раніца нядзелі была тое, што трэба, – людзі адсыпаліся і нікуды не сьпяшаліся, можна было дайсьці амаль да ракі, і сустрэць усяго пару чалавек і пару машын. Ідэальны час для інтравэртаў.

Пётра запарыў гарбаты, вельмі павольна выдзьмухаў пару кубкаў на кухні, пасьля перамясьціўся на канапу ў пакой, заліп у лаптоп. Адчуўшы праз некаторы час прыемную стому, Пётра адляпіўся ад яго і закрыў. У вітальні гарэла сьвятло, Пётры падабалася, як яно падае ўначы. Яму падабалася начное ліхтарнае сьвятло на вуліцы, цішыня, што ўсталёўвалася ў доме і звонку. Толькі зрэдку магла праехаць машына альбо ненадоўга здаралася якая вясёлая кампанія. Калі некалі гэткім часам ён выходзіў на невялічкі шпацыр. Але ня сёньня. Пётра вычысьціў зубы і лёг спаць. Ён ня меў фіранак, яму падабалася сьвятло фар з вуліцы, што зрэдку прабягала са столі па сьценцы і назад, ды сьвятло месяца. У гэткіх прыемных для сябе ўмовах ён і заснуў.

***

Зранку Пётра ўстаў як заўсёды, каля сямі. Шкада было доўга спаць, калі твой выходны сыходзіць. Раніца пачыналася з фізычных практыкаваньняў і паралельнага гатаваньня ежы, а таксама прагляду навін і яшчэ сяго-таго, бо проста рабіць практыкаваньні трэба было сябе прымушаць, а разбаўляючы іх гэтыкім чынам было больш-менш нічога. Толькі што даўжэй. Хуткі душ і зацяглы сьняданак. Пасьля ж можна ізноў адпачыць, альбо выйсцьці куды.

І вось калі Пётра са смакам даеў і толькі паставіў талерку на стол, у дзьверы пазванілі. Пётра як сядзеў у фатэлі, так сядзець і застаўся. Вядома ж, ён нікога не чакаў, і гэта было нечакана і непрыемна. Пазванілі зноў і патузалі ручку дзьвераў, гэта быў ўжо зусім дрэнны знак.

Пётра марудна ўстаў і бокам, мякка ступаючы ў шкарпэтках, пайшоў да дзьвераў. У калідоры быў паркет, і ён ведаў, куды наступаць, каб той не рыпеў. Але рухаўся марудна, за гэты час пазванілі яшчэ раз і пачалі грукаць.

А што калі зараз раптам хтосьці патэліць? Трэба вярнуцца і выключыць гук у тэлефоне. Крывя прыліла да пётравага твару, стала горача, але захоўваючы максымальную далікатнасьць рухаў, ён павяртаўся на кухню. Тэлефон ляжаў у фатэлі, гэта было добра. Трэба спакойна разблякаваць, выключыць гук і пакласьці назад, бо калі пакласьці ў кішэнь, ён можа вываліцца і гучна бразнуць аб падлогу. За гэты час у дзьверы пазванілі і пагрукалі яшчэ колькі разоў. Цяпер яго плян быў вярнуцца да дзьвераў і ўважліва паслухаць, каго там прынесла. Мабыць, гэта проста суседка зьнізу? Бывае, што пачынае нешта незаўважна цекчы пакрысе, а там столь мокрая. Ці ЖЭС які прывалокся, гэта нават больш іх стыль. Але ўсё ж такі залішне ўпэўнена і навязьліва.

Пётра бязгучна пракраўся да дзьвераў. Спачатку трэба было выслухаць, што там, і толькі пасьля зазіраць у шчыліну верхняга замка ці ў вочка, бо ў іх маглі зазірнуць з таго боку. Ён чуў звонку шолах адзеньня, незразумелыя рухі. Таксама чуўся далёкі гук набіраймай вады і іншыя гукі суседзяў. Але за дзьвярыма нехта быў і яўна не сьпяшаўся сыходзіць. То бок, прыйшлі па яго, і ня нейкі бязглузды ЖЭС ці суседка, тая б ужо справіла лямант альбо стала б тэліць на гарадзкі.

Раптам зазваніў гарадзкі тэлефон. Гук быў выкручаны на мінімум, і стары мэханічны апарат адно тарахцеў. Але з-за дзьвераў былі чутны гудкі – той нехта ведаў яго гарадзкі нумар і набіраў прама зараз. То бок і на мабільны зараз патэляць, выключыць гук было вельмі абачлівым.

Але па сыгнале мабільнага яго могуць вылічыць! – мільганула трывожная думка. Але ж тое рабілася ня гэтак хутка, ня зь лесьвічнай клеткі.

Дзярмо. Значыць, прыйшлі па яго. Заўжды быццам рыхтуесься да гэткага моманту, але калі ён адбываецца, апынаесься цалкам не гатовым і разгубленым. Што цяпер рабіць? Дзіўна, што пакуль не выносяць дзьверы. Значыць, прыйшлі не затрымліваць, а ўзяць “на размову”, падобна на тое. Але не як сьведку – тых выклікаюць позвай альбо тэляць і “запрашаюць”. Тут жа ім важна было захапіць яго зранку і ня даць падрыхтавацца да допыту. Да допыту! Гэта значыць, забудзься на свае правы і адвакатаў, адно спадзявайся, што абыдзецца.

З-за дзьвераў пачуўся яшчэ рух. Гарадзкі перастаў тарахцець, гудкі з таго боку аціхлі. Шарпаньне па дзьверах і цяжкае дыханьне – менавіта зараз нехта зазірае ў шчыліну для ключа, Пётра ж сядзіць побач і ня толькі чуе гук гэтага дыханьня, а нават адчувае пах выдыхаймага паветра. Ці гэта толькі здаецца?

У экстрэмальных сытуацыях пачуцьці абвастраюцца, гавораць навукоўцы. Пётра злавіў гэтую думку, і яна яго раззлавала сваім нудотным пэдантызмам. Чортавы акулярнікі, ці не хацелі б вы самі апынуцца тут, на яго месцы?

Вецер сьвістаў скрозь шчыліны, у кагосьці працаваў тэлевізар. У кагосьці зь візытэраў шчоўкнула костачка, пачулася тупаньне ног. І яшчэ адных ног, ужо на сходах. Відаць, яны вырашылі сыходзіць. Цяпер можна было зазірнуць у шчыліну. Але Пётра не вырашыўся. Да таго ж, тое было і ня важна, былі яны ў форме ці ў штацкім. Але дакладна лысыя – іхная ўлюбёная фрызура.

Пётра гэтак і сядзеў некаторы час. Жыцьцё падзялілася гэтым візытам на “раней” і “цяпер”, і трэба было вырашаць, як дзейнічаць у новай рэчаіснасьці. Можна паспрабаваць выехаць з краіны. Але вялікі шанец затрыманьня на мяжы, таму калі толькі нелегальна. Шкада кватэру, яе цяпер забяруць. Так нядоўга пажыў, толькі аддаў пазыкі сябрам, заставаўся яшчэ “даўгі” крэдыт. З кватэрай можна было б вырашыць, перапісаўшы яе на маці, калі б не крэдыт. Але трэба зрабіць ёй даверанасьць. Дакладна, мабыць, удасца прадаць з крэдытам. У натарыяльнай канторы яго чакаць наўрад ці будуць, гэта не падавалася небясьпечным. Але лепш не запісвацца па тэлефоне, а прыйсьці па жывой чарзе, так можна.

Тэлефон – што рабіць з ім? З сабой лепш не насіць, хай ляжыць дома. Альбо калі насіць, то не адлучаць самалётны рэжым. Яму звычайна ніхто ня тэліць, сябры пішуць і тэляць праз мэсэнджары, а ў гандлёвых цэнтрах можна лавіць вай-фай.

На работу Пётра вырашыў не ісьці, да таго ж яна яму даўно надакучыла. Трэба рабіць даверанасьць і з’яжджаць. Пашпарт быў годны яшчэ чатыры гады, гэта добра. За гэткі тэрмін можна легалізавацца. З сабой ён возьме ноўтбук, зьмену бялізны, грошы. Што яшчэ?

Абдумваючы ўсё гэта і зьбіраючы свой заплечнік, ён старанна ўслухоўваўся ў гукі ў пад’езьдзе, за вокнамі. Было надзвычай шкада з’яжджаць вось так, зьнянацку. Здаецца, ўсё ішло няблага, толькі вось абжыўся, перарабіў сёе-тое пад сябе. Але жыць так далей таксама не магчыма, увесь час чакаць прыходу гэтых злыдняў. Ды і за што пакутаваць, калі ўжо трапляць да іх? А самае страшнае, ён ня ведаў, хто адкрыецца ў ім у тых экстрэмальных умовах, – ці не агаворыць ён каго пад катаваньнямі, ці што яшчэ зробіць?

У лякарнях і паліклініках пад часу забору крыві і іншых маніпуляцый яму часта станавілася блага. Гэта быў базавы недавер да лекараў, да таго, што яны ўсьведамляюць тое, што робяць. Бо тыя ніколі не цырымоняцца, дзейнічаюць агулам бы канавалы. Так тое лекары, а тут – сапраўдныя канавалы, будуць зьбіваць, выкручваць суставы, надзяваць пакет на галаву, макаць ёй у вядро з вадой, біць электрашокерам у самыя адчувальныя месцы, пагражаць расправай над маці (бо яна была адзіным даступным найбліжэйшым сваяком), пагражаць згвалтаваньнем, ціснуць маральна. І гэтак далей. А потым яшчэ катаваньне холадам, антысанітарыяй, адсутнасьцю мэдычнай дапамогі. У такіх абставінах як можна быць упэўненым у сабе? А галоўнае, дзеля чаго? Пра “за што” пытаньне ўвогуле не стаіць, звычайна адно за тое, што трапіў у поле зроку, – сам ці “за кампанію”, ці па даносе. Ці, нават, цалкам выпадкова.

Так што ахвяраваць сабой дзеля нічога выглядала адно глупствам. Дзеля яшчэ адной тэчкі, дзеля яшчэ адной “раскрытай” справы сьледчым, дзеля садысцкага задавальненьня ўсіх гэтых тыпусаў – глупства. Чалавек мусіць быць вольным, мусіць змагацца за волю і свае правы. Але ў гэтай дзяржаве змагацца магчыма толькі за свае ўласныя правы і адзіным спосабам – зьбегчы і апынуцца па-за межамі дасяжнасьці для яе.

Добра, што вясна. Але па начох яшчэ вельмі халодна, для гарадзкога песты тое будзе выпрабаваньнем.

Пётра вярнуўся ў кухню. Прапушчаных выклікаў ці паведамленьняў не было. Дзіўныя гэтыя візытэры. Ён напісаў у дапамогу па эвакуацыі, адказ будзе няхуткім. Знайшоў натарыяльную кантору побач, сёньня яна працавала. Пасьля на аўтамаце пагартаў навіны. Усё як заўсёды. Але не для яго.

Пётра зьбіраў заплечнік. Грошы, карткі, дакумэнты. Сёе-тое з рэчаў. Дарагія, мілыя сэрцу, але нефункцыянальныя рэчы браць не выпадала. Калі ўяўляць сабе шэрую сьцюдзёную камэру, то гэткае разьвітаньне адбываецца прасьцей.

Пётра рабіў усё марудна, уважліва і амаль бязгучна. Ён працягваў услухоўвацца вонкі, цяпер увесь ён пераўтварыўся ў слых.

Абутак ён вырашыў надзець самы цёплы і функцыянальны, тое ж самае з курткай. Шалік і шапка. Пляваць, што сёньня цёпла і сонечна, пляваць, як ён выглядае.

У пад’езьдзе было ціха. Пётра амаль бязгучна зачыніў дзьверы, хутка спусьціўся па сходах. Вызірнуў праз маленькую брудную шыбу пад’ездавых дзьвераў вонкі і выйшаў.

Спачатку ён ішоў вельмі хутка, уціснуўшы голаў у плечы. Але пасьля зразумеў, што гэтак хутчэй прыцягне ўвагу, і змусіў сябе ісьці “як усе”.

Апошні шэры сьнег пад кустоўем і дрэвамі таяў на сонцы. Пётра запхнуў шапку ў кішэню, расшпіліўся. Мінуўшы пару двароў, ён адчуў сябе больш-менш у бяспецы.

У канторы ўсё прайшло без эксцэсаў, сакратарка на рэцэпцыі раздрукавала пашпарт маці. Для гэтага, аднак, давялося ўключыць тэлефон, каб пераслаць дакумэнт на пошту. Пасьля адразу адлучыць. Але, мабыць, не такі ён злачынца, каб адразу чыніць на яго плян татальнага перахопу. Але ж хвіліны чаканьня ў задушлівым калідоры цягнуліся надзвычай доўга. Уцякаць з калідора не было куды. Нават калі заскочыць у любы з кабінэтаў, то там на вокнах рашоткі, бо першы паверх. Ды і самі натарыюсы яшчэ тыя пацукі, працуюць “і нашым, і вашым”.

Зь вялікім нецярпеньнем дачакаўся Пётра афармленьня даверанасьці. Але вельмі пільна ўсё пераправерыў, пасьля яшчэ раз пераканаўся і толькі пасьля выйшаў з канторы.

Ён сядзеў ля ракі на лаве і адпачываў, насалоджваючыся сонцам, ветрам, вясновымі новымі пахамі. Пасьля ён зойдзе ў краму па ежу. Яшчэ трэба зьняць грошы з карткі, пакінуць нейкі мінімум для зручнасьці, бо могуць заблякаваць. Зь іншага боку, тое, што рахунак яшчэ не заблякаваны, казала аб тым, што справа ягоная яшчэ ў вельмі пачатковым стане. Але пільнасьць губляць ня варта.

Увечары Пётра сядзеў дома, еў чорны духмяны хлеб з кменам і вараную бульбу. Усё атрымлівала ўзмоцнены смак і значэньне – з-за зьменаў, што насоўваліся, з-за небясьпекі. Сьвятло Пётра не ўлучаў, працягваў хадзіць бясшумна і ўслухоўвацца.

***

Раніца пачалася для Пётры а шостай. Пад’ехала нейкае аўто і рыпнула тармазамі. Пётра падскочыў і стаў апранацца, адначасна ўслухоўваючыся. Думкі пачалі скакаць, заплечнік стаяў расшпілены, лаптоп быў у пакоі. Недаравальныя памылкі, усё мусіць быць сабрана. Пётра сутаргава запіхваў зараджальню ў пляцак, правады ўсё адно тырчэлі. Схапіў рэшту хлеба са стала і таксама ўторкнуў туды ж. Маланка не зашпільвалася, заміналі правады і агульны аб’ём рэчаў знутры. Пётра ўмомант спатнеў. Пасьля заўважыў, што тупату ног у пад’езьдзе не чутна, падобна, тое была проста выпадковая машына.

Але гэткая “вучэбная трывога” падалася яму вельмі карыснай, выявіліся хібы ў ягонай падрыхтоўцы да ўцёкаў. А яшчэ самым слабым месцам было тое, што калі па яго прыйдуць з пад’езда, то як ён з тым заплечнікам будзе ўцякаць са свайго пятага паверха? Ён не пасьпеў прыдумаць рашэньня і менавіта зараз узмоцнена разважаў аб тым. Трэба купіць вяроўку. Навязаць на ёй вузлоў кожны мэтр і моцна прывязаць да гаўбца. Разам зь вяроўкай у будмаркеце трэба набыць таксама пальчаткі – для камфортнейшага спуску. Таксама трэба поштай адаслаць даверанасьць маці, насіць яе з сабой ня мела сэнсу, але ўчора ад перанасычэньня падзеямі гэты неабходны крок ён ужо не дадумаў.

Новыя клопаты занялі Пётру, ён вырашыў падсілкавацца і выходзіць. Пошта адчынялася а восьмай, будмаркет, мабыць, пазьней.

На вуліцы яшчэ толькі разьвіднела, выглядала, што дзень зноў будзе сонечным, і гэта цешыла. Пасьля справаў можна зноўку пайсьці да ракі, знаходзіцца дома стала некамфортна. Напружаньне чаканьня чагосьці нядобрага, што няўмольна насоўваецца на цябе.

Пошта была зачынена, бо была нядзеля. Пётра набыў у краме побач прысмакаў, пакет таплёнага малака і пайшоў да ракі. Яму тут вельмі падабалася, нягледзячы нават на Міністэрства Абароны ў вялізарным савецкім будынку, што навісала побач. Фуражкі зь лямпасамі і тыпусы ў штацкім рэгулярна праходзілі міма. Яны не выклікалі ў ім нічога апроч пагарды.

Дзякуй, што лавы паставілі, раней іх не было. Нябачаны дагэтуль клопат ад гарадзкіх уладаў.

У будмаркеце было няшмат людзей, гэта цешыла. Пётра быў тут шмат разоў пасьля пераезду, і тутэйшыя наведнікі яму таксама ня вельмі падабаліся. Адвечныя хціўцы-паляпшальнікі – бы тыя бабры-санітары лесу. Для іх жыцьцё было няспынным працэсам практычных пераўтварэньняў навакольля, незалежна ад запатрабаванасьці тых пераўтварэньняў. Выглядалі яны адпаведна: спрактыкаваныя мажныя гаспадарнікі з магутнымі канцавінамі, поўнай адсутнасьцю рэфлексіі і іншых зацікаўленасьцяў. Якая яму да іх справа, Пётра ня мог патлумачыць, але гэта было цалкам чужароднае жыцьцё тут побач, ня бачыў ён у іх чалавечага, адно практычнае. Ну затое не хістаюцца па вуліцах і не чапляюцца да іншых, знайшлі свой занятак, будуюць свае бабровыя хаткі. Вынік спэцыяльнай сэлекцыі, што не задае пытаньняў і ўсім быццам задаволены.

Пётра пайшоў брындаць па аддзелах, выглядаючы яшчэ чаго карыснага па ягоных справах – уцёкаў з гаўбца і пераходу ноччу цераз лес. Вяроўкі ўзяў з запасам і двое розных пальчатак. Дужа прыгожыя сякеры з даўгімі дзержкамі – можна пасьпець засекчы як мінімум аднаго зь візытэраў, а калі пашанцуе, то і дзьвюх. Пасьля зноў зачыніць дзьверы, і пакуль трэці будзе страляць церазь іх – зноўку ж, уцікаць з гаўбца. Эфэкт нечаканасьці ў гэткай сытуацыі мусіць спрацаваць на пётраву карысьць. Ось яны прывалакуцца па чарговую перапалоханую ахвяру, якая бляклым голасам будзе на ўсё пагаджацца, цалкам падуладная ім. Але замест гэтага дзьверы рэзка расчыняюцца і – сюрпрыз! Твой напарнік падае з прабітай галавой, ты інстынктыўна спрабуеш падхапіць яго, але ў гэты момант прылятае і табе. Хэпі энд.

Але невядома, як іх там трэнуюць. Мабыць, інстынктыўна ў іх атрымаецца зусім іншае. Сякера можа захраснуць у тушы №1 альбо прайсьці міма, бразнуўшы ў падлогу, і хутка ўзмахнуць ёй паўторна будзе мала шанцаў.

Ладна, сякера Пётру падабалася сама па сабе, таму можна яе ўзяць незалежна ад іншага. Далей ішлі нажоўкі, ламы, манціроўкі, адкруткі. Адразу ўявіўся таўсты супрацоўнік ворганаў з уторкнутай у шыю адкруткай. Рамантыка. Шрубарэз наўрад ці будзе карысным. Сантэхнічныя трубы таксама. Далей разьдзел электрыкі.

Можна падвесьці да дзьвераў электрычны ток, тады рабятаў чакае дыскатэка. Але ёсьць небясьпека забыць адключыць напружаньне і злавіць дыскатэку самому. Ці нейкія выпадковыя незаплянаваныя ахвяры, кшталту кагосьці з суседзяў ці паштаркі. Гэтага зусім не хацелася. Тады напружаньне павінна ўлучацца знутры толькі пры прыходзе канкрэтных візытэраў.

Карацей, варыянт цікавы, а пакуль можна пайсьці яшчэ далей. З фарбаў, кафлі, дошак тут нічога не прыдумаць. Далей ішло ўсё для летніка: розныя секачы, матыгі, шлянгі, адна лухта. Падобна, варта вяртацца ў электрыку. Трэба ўзяць гнуткі провад нармальнага сячэньня, каб не адгарэў, шайб і вінтоў, каб надзейна прыкруціць яго да дзьвераў. І падлучыць напрамую ад лічыльніка цераз выключальнік у хаце, не так і складана.

Тут на вочы Пётру трапіўся вялікі газавы балён на спэцыяльнай каталцы. Гэта змусіла яго спыніцца. Яму прыгадаліся зь дзяцінства фільмы пра вайну, дзе немцы пры дапамозе пераносных агнямётаў падпальвалі хаты і людзей. Вось, гэта тое, што трэба! Ён падсмажыць гэтых сьвіньняў усіх адразу. Трэба вывесьці трубку з газам над дзьвярыма, балён будзе адкручвацца знутры. Звонку ж патрэбны яшчэ запальвальны мэханізм. Гэта падалося самай складанай часткай.

Яшчэ слабым месцам было тое, што газ пахне і шыпіць пры выхадзе з балёна. То бок той, хто не дурны, паспрабуе адразу зьбегчы. Прапан цяжэй за паветра, але яму патрэбны час, каб запоўніць прастору. Альбо струмень полымя мусіць быць вялікім і хуткім, але як таго дамагчыся, трэба яшчэ думаць. А пасьля выпрабоўваць.

У сябра быў гараж. Калісьці яны там бавілі час, пілі піва, спрабавалі зрабіць рэпэтыцыйную кропку. Знайшліся нават бубны і гітарны ўзмацняльнік. Але з музыкай не задалося, піць піва таксама хутка надакучыла. Проста, мабыць, скончыліся агульныя тэмы для размоваў, дзяжурныя агульныя тэмы больш не працавалі, праз што ўзьнікаў пэўны дыскамфорт і хацелася хутчэй сысьці.

Нават калі Пётра выпадкова спаліць гараж, згрызотамі сумленьня пераймацца ня будзе, – так ён вырашыў. Ды й гарэць там каштоўнаму не было чаму, старая канапа ды ўсялякае ламачча. Па вечарох пасьля восьмай у гаражах было ціха і бязьлюдна.

Але ж у немцаў зь фільмаў за сьпінай былі балёны не з газам, а з запальвальнай сумесьсю. Мабыць, кшталту фінскага кактэйлю Молатава. Тады ў дачным аддзеле мусяць быць яшчэ балёны з ручной напампоўкай для апырскваньня расьлін рознай трасцай ад вусякоў, пустазельля і гэтак далей. Пётра бачыў гэткае ў вёсцы ў дзяцінстве, суседзкі дзед пырскаў бульбу ад каларадзкіх жукоў. Баба абзывала яго дурным, і што хімію тую сам будзе пасьля есьці. І яны самі йшлі зьбіраць жукоў у слоікі з саляркай. Яшчэ трэба было зазіраць пад лісьце, дзе тыя жукі адкладалі яйкі, каб раздушваць апошнія пальцамі, зьбіраць чырвоныя брыдкія лічынкі. Затое бяз хіміі.

Веды па хіміі зараз яму спатрэбіліся б. Але скуль ім было ўзяцца, адукацыя была даўно пераўтворана ў спрэс прафанацыю, вучыць штосьці, каб атрымаць задавальняючыя адзнакі, было зусім не патрэбна. То ніхто і не вучыў. Нічога.

***

Мінула паўтары тыдні. Па Пётру прыходзілі яшчэ раз – калі яго не было дома. Пра тое паведаміла суседка па пляцоўцы, пажылая, але прагрэсыўных поглядаў жанчына. Пётра падзякаваў ёй, зьдзіўляцца ж не было чаму. Добра, што прыходзілі ў яго адсутнасьць. Сядзець знутры, калі да цябе ломяцца, дужа стрэсава. Хаця цяпер ёсьць вяроўка на гаўбцы, якой можна скарыстацца, калі пачнуць выломваць дзьверы.

З вогнямётам пакуль ня клеілася. Пырскалка для хімікатаў была дужа далікатнай і не давала патрэбнага струменю. А калі Пётра раскурочыў большую адтуліну ў распырсквальніку, то ўжо не хапала ціску ад помпы. Ён змарнаваў на гэта чатыры дні, спрабуючы розныя тэхнічныя падыходы, вышукваючы іх ў сеціве і дадумваючы на свой розум.

Тады Пётра набыў-такі газавы балён. Нават прыдумаў легенду, для чаго яму ён: смаліць кабана ў вёсцы, быццам улезьлі злодзеі да бабы і ўсё пакралі, то вось трэба ўсё наноў набываць – газ, напальнік, шлянгі.

Пётра хадзіў у гараж замест працы і працягваў экспэрымэнты.

Напальнік, у прынцыпе, даваў добры струмень полымя. Але гэткую дуру павесіць над дзьвярыма незаўважна было немагчыма. Да таго ж для большасьці будзе зразумела, што гэта.

У гаражох на ўваходзе ў невялічкім памяшканьні сядзеў ахоўнік, ён пачаў падазрона глядзець на Пётру кожнага разу. Бо той зачасьціў, а раней яго тутака бачна не было. Гэта было дрэнна: калі ахоўнік пабачыць пётравы “экспэрыменты”, то выкліча міліцыянтаў як піць даць. 

Час сыходзіў, выніку не было.

Пётра вырашыў з’яжджаць. З эвакуацыі адказалі, быў прапанаваны плян дзеяньняў. Пасьлязаўтра ён мусіў з’явіцца ў невялічкім гарадку ля мяжы. Усе іншыя справы былі закрытыя, а калі з гэтай не задалося, дык што ўжо паробіш. Сядзець тут з-за яе яшчэ невядома колькі часу было б неабачлівай дурасьцю.

Настрой у Пётры быў так сабе, героя-мсьціўца зь яго не атрымалася. Мабыць, з-за недастатковай тэхнічнай абазнанасьці і кемнасьці. А мабыць, з-за недастатковай настойлівасьці, якой яму заўжды бракавала. Настойлівасьці і нахабства, настырнасьці. Хто іх мае, той дасягае посьпехаў паўсюль. Але кожнаму свой шлях – так вырашыў Пётра.

Ён зноўку сядзеў ля ракі. Сёньня сонца не было. Міма міналі ўсё тыя ж бясколерныя пэрсанажы. Пётра і сам выглядаў бясколерным, каб не прыцягваць увагу.

  • Каб вы пазабівалі самі сябе, сабачае племя! – мармытаў ён сабе пад нос і ўсьміхаўся.

Усьміхаўся, бо пакіне гэтае нялюдзкае ўтварэньне з палёгкай, хаця і ня без шкадаваньня.

  • Скульля на вас! Каб вас блохі ды пацукі елі! Каб вашыя жонкі вас па начох труцілі ды рэзалі! Каб вашыя дзеці пад вашым “мудрым кіраўніцтвам” расьлі адно пустадомкамі, прапойцамі ды валацугамі! Каб вы самі сьпіваліся, хварэлі ды каналі ды каб на вашых памінках усе рагаталі ўголас!

Гэта быў доўгі пётраў маналёг разьвітаньня з Радзімай. 

(Грае палянэз Агінскага)

Конкурс эсэ: тэкст Дзяніса Каляды

Cтудэнцкія працы

Конкурс эсэ: тэкст Дзяніса Каляды

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Партфоліа праекта «Не маўчы»

Праекты ўдзельні_ц

Партфоліа праекта «Не маўчы»

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Што мы можам зрабіць для Беларусі сёння?

Cтудэнцкія працы

Што мы можам зрабіць для Беларусі сёння?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Ці толькі людзі могуць мець правы?

Cтудэнцкія працы

Ці толькі людзі могуць мець правы?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам