Founded by the European Union
Што мы можам зрабіць для Беларусі сёння?

Cтудэнцкія працы

Што мы можам зрабіць для Беларусі сёння?

Хто зараз стварае беларускую супольнасць? Як беларус_кам «захаваць сябе» і навошта гэта рабіць? Удзельнік праекту Антось Сівых разважае на гэтыя пытанні і прапаноўвае сваю «дарожную карту».

Сёння я бачу, як мноства беларусаў паглынаецца ў сталае гаротніцтва як у межах краю, так і ў эміграцыі. Гэта відаць па штодзённай камунікацыі, сацыяльных сетках і выказваннях лідараў меркаванняў. У людзей не проста апатыя і адчужанасць ад лёсу свайго і краіны, але ўвогуле няздольнасць дзейнічаць, нават у межах свайго жыцця.

Але толькі зараз і толькі пэўнымі дзеяннямі можна пакінуць гэтае пекла смутку і працягнуць жыць далей – асабіста табе, людзям вакол, сем’ям, супольнасцям, народу.

За дзесяць гадоў асабістай мастацкай і грамадскай дзейнасці я зразумеў, што значыць распачынаць ключавыя дзеянні. У мяне ёсць вопыт стварэння супольнасцяў, падзеяў і фільмаў, ператварэння твораў беларускіх аўтараў у графічную форму і нават правядзення эксперыментальных гарадскіх гульняў. Для мяне важна адкрываць новыя перспектывы бачання Беларусі, свету і штодзённага жыцця, і гэта праходзіць праз маю дзейнасць – як мастака і кінатворцы, гарадскога даследчыка і актывіста.

Гэты тэкст – мая спроба асэнсаваць, з чаго і ў якіх умовах я сам пачынаю дзеянне, як я бачу падобнае ў людзей навокал, а таксама магчымы штуршок для таго, хто гэта чытае.

Восем дзеянняў для Беларусі

З ходу прапаную восем рэчаў, што можна зрабіць проста зараз для Беларусі.

  • Знайсці спосабы выжыць і палепшыць свой стан.
  • Навучыцца сапраўды любіць горад ці месца, у якім ты знаходзішся.
  • Палепшыць стасункі з сям'ёй — блізка яна ці далёка.
  • Пашыраць веданне асяроддзя і свету пра Беларусь, яе грамадства, культуру і мову.
  • Загаварыць на беларускай, прычым не толькі ў размовах, але і ў дзейнасці: даносіць каштоўнасць беларускай мовы не праз стандартнае «размаўляйце па-беларуску, гэта наша мова, яна мілагучная», а праз пашырэнне аўтэнтычных рэчаў, па-беларуску і з беларускасцю.
  • Далучыцца да супольнасці, дыскусійнай групы або іншай групы людзей, дзе адбываецца жывы абмен меркаваннямі і досведам, і атрымаць вопыт, які можна прымяняць на сваю карысць, сваіх блізкіх і Беларусі.
  • Калі вы за мяжой, інтэгравацца ў мясцовую культуру і сваім прыкладам данесці, што беларусы клёвыя і з імі варта мець справу. На ўсіх узроўнях гэта сёння вельмі патрэбна.
  • Пачаць чытаць вершы. Старажытныя, проста старыя і сучасныя. Асабліва беларускіх аўтараў, але не толькі. Распавядаць пра іх і пра свой досвед, які атрымалася такім чынам пераасэнсаваць. Паэзія — унікальны спосаб адкрыцця свету і новых перспектываў яго бачання, і сам паэтычны падыход можна добра выкарыстоўваць у штодзённасці.
  • Стварыць сабе як мага больш падмуркаў, каб было складана апусціцца на дно. І з гэтых падмуркаў пачаць будаваць тое, што, на ваш погляд, абсалютна варта рэалізацыі, вашага часу і сілаў.



Беларускае гаротніцтва праз дзесяцігоддзі

У феномене беларускага гаротніцтва няма анічога новага. Калі паглядзець на апошнія 150 гадоў, то гэтае адчуванне ці нават такі досвед жыцця пераўтварыліся ў беларускай культуры ў цэльны наратыў. У маім асяроддзі яго часта акрасляюць паводле назвы выдання нашаніўскіх часоў: «Загляне сонца і ў наша ваконца». Гэтая фраза перадае кволы спадзеў на знешнюю гігантычную сілу – гісторыі, буйнейшых дзяржаваў, часу – але разам з тым нібыта зацвярджае панурасць таго часу, які ёсць цяпер.

Беларус і сёння, і 15, або 30, або 90, або 130 гадоў таму, можа, адкажа: «Бо ёсць, з чаго журыцца! Бо ёсць, з чаго заставацца панурым». Думка зразумелая, частая, простая. Думка, якая дазваляе зараз не рабіць нічога і чакаць — э’яўлення новай грамадзянскай супольнасці, смерці непрыяцеляў, геапалітычных манеўраў і іншых «чорных лебедзяў».

Але каб нават «чорны лебедзь» спрацаваў і спрычыніўся да вызвалення беларусаў, неабходна добрая глеба, якой не было дастаткова нават у 2020-м і тым больш у 2010-м, 2006-м і ў іншыя пераломныя моманты беларускай сучаснасці.

Рашэнні ёсць, яны дасяжныя ўсім. Беларусам у Слуцку, Мінску, Жабінцы і Сеніцы, Лодзі, Варшаве, Вільні, Токіа, Маскве і Нью-Ёрку, у акопах і ў лагерах бежанцаў, магчыма, і тым, хто хаваецца ў беларускіх лясах і вёсачках.

Перш чым распавесці пра гэтыя рашэнні, акрэслю «цыклы беларускай гісторыі». Яны многім бачныя, іх разглядаюць аналітыкі, а чытачы вохкаюць і вырашаюць, што пра Беларусь варта гадоў на пяць увогуле забыцца.

Тэорыя і практыка

Тэорыя. Беларусы як мінімум з сярэдзіны 1990-х праходзяць праз адны і тыя ж цыклы пабудовы грамадзянскай супольнасці і развіцця палітычнай актыўнасці. На прэзідэнцкія выбары часта прыпадае паўстанне, затым ідзе разгром і заняпад. І зараз мы бачым нешта структурна падобнае да таго, што адбывалася ў 2011-ым ці ў пачатку нулявых.

Практыка. Кідаецца ў вочы павелічэнне маштабу і заангажаванасці больш шырокіх колаў людзей на кожным такім цыкле. Нават калі выкарыстоўваць тэрміналогію рэжыму, то бачна, што «бэнээфаўцаў» было менш і іх лепш атрымлівалася маргіналізаваць. А «змагароў» ужо было больш, і да іх у нулявыя і дзясятыя так ці інакш пачала далучацца ў разы большая колькасць людзей. Тых людзей, што сталі рухавікамі 2020 году. А «неверагодных» ці «бэчэбэшнікаў» – яшчэ болей, і яны ахапілі ўжо ў разы больш шырокія слаі насельніцтва.

Кожны выбух грамадскага меркавання як па варонцы набірае ўсё большую плынь людзей. Кожны раз «беларуская бурбалка» адкрываецца ўсё болей і запускае ў свой асяродак актывістаў, інтэлігентаў, адраджэнцаў Беларусі.

Маё юнацтва прыйшлося на 2015–2019 гады, і я гэтыя працэсы бачыў асабіста і непасрэдна ў іх удзельнічаў. Гэты цыкл можна лёгка пабачыць: кожны раз ён мінімум у некалькі разоў пашырае свой маштаб.

У жніўні 2020-га палітычнае ангажаванне беларусаў было фенаменальна высокім. У адным Мінску ў палітычных акцыях удзельнічала ад 10 да 20% усіх гараджан, іншы раз адначасова (напрыклад, на маршы 16 жніўня). Можна ставіцца крытычна і казаць, што гэта было болей падобна на карнавал з палітычнай сімволікай. А можна матаць на вус.

Дарожная карта

Але рашэнні, якія я прапаноўваю, звязаныя не з часамі паўстання і пералому, а з часамі разгрому. Рашэнне ў тым, каб… рабіць сваё. Сваю справу — у шырокім сэнсе. А каб выйсці з апатыі і адчування адчужанасці, прапаную дарожную карту:

Найперш ты знаходзіш сваё, найлепей там, дзе зараз знаходзішся.

Можа, гэта штосьці, што ты рабіў раней, але кінуў. Можа, гэта тое, што ты робіш зараз. Можа, гэта нешта, што ты толькі крыху спрабаваў, але адчуваеш, што туды цікава пайсці. Гэта штосьці, што прыносіць водгук. Найперш для самога сябе – кайф ад самога працэсу, а па-другое – ад свету, ад людзей навокал: у размовах і словах падтрымкі, грашах, дапамозе, водгуку любога кшталту, душэўнага і матэрыяльнага. А на каго гэтае «сваё» накіравана? Для каго твая дзейнасць? Хто гэтыя людзі, як яны жывуць і што ў іх баліць? Можа апынуцца, што гэтыя «нехта» – зусім побач з табой.

Вельмі магчыма, што твая місія зараз звязаная з месцам, дзе ты заходзішся геаграфічна. Магчыма, што яна звязаная з думкамі, якія ў цябе круцяцца ў галаве і патрабуюць выхаду праз дзеянне. І дзеянне зараз павінна быць якраз максімальна канструктыўным: будаваць, нават праз спрэчку, ствараць, нават калі гэта праз усведамленне болю, канструяваць нешта, што для цябе самога мае значэнне.

Людзі з досведам, інтэрнэт, блізкія, арганізацыі, супольнасці дапамогуць вылучыць дзеянні, якія прывядуць цябе да мэты. Нельга кідаць пошукі і самому. На гэтым этапе надзвычай важна акружыць сябе сваім, напрыклад беларускай культурай, музыкай, паэзіяй, літаратурай. І зрабіць сваё жыццё банальна прыгажэйшым, асэнсаваць свой папярэдні досвед з дапамогай сваёй жа культуры, упісаць яго ў традыцыю твайго роду, мясцовасці, краіны. Для беларусаў па-за межамі беларускай дзяржавы гэта актуальна нават болей. Але гэта актуальна і для тых, хто зараз у Беларусі, пад фактычна двайной акупацыяй, але ўсё ж на сваёй зямлі.

Калі першыя рэзультаты бачныя, ты хутчэй за ўсё ўжо паўплываў на сваё асяроддзе або на пэўную групу людзей. І паўстае пытанне – як маштабаваць. Бо маштабаваная справа яшчэ ў разы больш спрычыніцца да таго, каб беларусы былі менш залежнымі ад рэжыму.

На ўсіх этапах варта далучацца да сваёй культуры, але таксама шукаць сваё можна дзе заўгодна — у чужых гарадах і краінах, у мегаполісах і ў глыбінцы. Гэта не толькі пра «беларускае» – гэта пра тое, што адгукаецца і што нават у малых дэталях дае адчуванне прыналежнасці, адчуванне прыгажосці, адчуванне цяпла. Гэтыя рэчы належыць засвойваць, прысвойваць і прыносіць у сваю культуру.

Я ў гэта веру, я гэта раблю і бачу рэзультаты вокал сябе. Ад гарадскіх гульняў да паэтычных эксперыментаў, візуальнага мастацтва і дакументальнага кіно, бізнесу і камерцыі, актывізму – інструменты могуць быць розныя (тут я прывёў прыклад сваіх), але яны мусяць вызначацца ад місіі: што хочацца зрабіць для навакольнага свету, для Беларусі і не толькі?

Захаваць сябе

Часта пішуць, што беларусам варта зараз захоўваць і ахоўваць сябе, ставіцца да сябе і адзін да аднаго беражліва. Цяжка не згадзіцца! Але заўважу, што гэта ёсць супрацьлегласцю таму, каб чакаць і заставацца ў нядобрым стане. Гэта азначае захоўваць базавую бяспеку, калі ты ўнутры Беларусі, і таксама захоўваць бяспеку (у тым ліку здароўя і дабрабыту) у замежжы. Наладзіць свой стан і адчуваць сябе някепска.

На гэтым можна грунтавацца, на гэта ўжо можна набудоўваць дзейнасць. Два ключавыя словы: «Рабіць сваё!» Іх можна напісаць на сцяне ў сваім жытле і імі кіравацца.

Але акрамя гэтага для кожнага беларуса сёння прыярытэтна вызначыць для сябе апоры і падмуркі: дзеянні, сістэму поглядаў і каштоўнасцяў, якія заўсёды будуць трымаць на плыву, не дадуць патануць. Гэта могуць быць каштоўнасці свабоды, сям’і, веры, дзеяння, любові да свайго, узаемаразумення, творчасці і мастацтва, праўды, аховы наваколля, самавызначэння, новых тэхналогій ці олдскульных сродкаў…

Многія беларусы развілі ў сабе крытычнае мысленне, але я па сваім жыццёвым досведзе ведаю, што крытычнага мыслення можа быць зашмат – таксама, як яго можа і не хапаць. Таму трэба навучыцца яго выкарыстоўваць здарова, у тым ліку ў пабудове сваіх падмуркаў і сваіх апораў.

І не менш важная рэч – пачаць глядзець на наваколле з новых і розных перспектываў, штодня адкрываць новыя спосабы бачання і ўзаемадзеяння са светам, ствараць і злучаць тое, што падабаецца і адгукаецца. Раней я пазначаў, што добра было б пачаць чытаць вершы – і, на мой погляд, сам паэтычны падыход – знаходжанне новага, даследаванне сябе і свету – дарэчна перанесці і на штодзённае жыццё, і на сваю справу.

Высновы

Ані мысленне, ані зробленае дзеянне ў нас забраць не можа ніхто. Гэта ўжо вельмі добра. А каб вынікі нашай працы былі заўжды нашымі, каб іх было складана адабраць, патрэбна лепшая пабудова сувязяў у грамадстве, веданне адно пра аднаго, узаемападтрымка, падмуркі і апоры. Мы можам дасягаць рэзультатаў зараз, і яны патрэбны для таго, каб «крытычны момант» наблізіўся хутчэй. У выніку мы вызвалімся з-пад прыгнёту і не будзем мець ужо ніякай мяжы таго, на што мы здольныя ў самой Беларусі.

Дзе б ты не знаходзіўся – знайдзі тое, што табе хочацца рабіць, і паспрабуй зрабіць гэта так, каб у выніку карысць ад гэтага была і для тых людзей, пра якіх ты клапоцішся. У выніку гэтага мы ўжо зараз можам зрабіць для Беларусі шмат і не чакаць, калі цыкл часу сам па сабе сфарміруе новы імклівы рост грамадскай супольнасці ці раптоўнае паўстанне.

Гэта мы ствараем супольнасць і будучыню – найперш у сваім мысленні, пазней у сваім дзеянні і ў дзейнасці, а далей і ў выніку – ва ўсіх сферах жыцця.


Антось Сівых

візуальны мастак, рэжысёр і даследчык гарадоў

28.08.2023

Конкурс эсэ: тэкст Ганны Паўлавай

Cтудэнцкія працы

Конкурс эсэ: тэкст Ганны Паўлавай

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Што такое ментaрынг і як ён уладкаваны знутры?

Матэрыялы эксперт_ак

Што такое ментaрынг і як ён уладкаваны знутры?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Лета-2023: што я магу зрабіць для Беларусі сёння?

Cтудэнцкія працы

Лета-2023: што я магу зрабіць для Беларусі сёння?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Партфоліа праекта «Гэта Окей»

Праекты ўдзельні_ц

Партфоліа праекта «Гэта Окей»

Чытаць цалкам Чытаць цалкам