Cтудэнцкія працы
Конкурс эсэ: тэкст Мары Ажынскай
Што такое сучасная беларускасць? Паразважаць на гэтае пытанне мы запрасілі нашых студэнт_ак і менці ў межах адкрытага конкурсу. Публікуем эсэ, абранае журы нашага праекту.
Беларускасць – гэта частка ідэнтычнасці. Гэта характарыстыка, якую вызначаюць пра сябе самі людзі. Яна не залежыць ад месцазнаходжання людзей, іх паходжання і краіны іх нараджэння. Яе фактычныя складнікі залежаць ад уяўлення людзей пра беларускасць і пра тое, што значыць быць беларускамі і беларусамі. Згодна з гэтым уяўленнем людзі выбудоўваюць уласныя алгарытмы паводзін.
Мая беларускасць пачалася з мовы: ад станоўчага стаўлення да беларускай мовы да штодзённай гаворкі на ёй.
Аднойчы я зайшла ў менскі тралейбус з пяцігадовым сынам. Перада мной стаяў добра апрануты малады франт: сіняя кашуля, белы піджак, сонечныя акуляры. Ён нешта запытаў, я адказала.
“Вы в Минске родились?”, – пацікавіўся малады спадар, пачуўшы ад мяне адказ на беларускай мове.
“Так”, – адказала я і ў сваю чаргу запытала, – “А вы? Звычайна мне такое пытанне задаюць не менчукі.”
“Я ничего не понимаю из того, что вы говорите”, – цвёрда адказаў франт. Ён павярнуў свой твар да майго і павольна, выразна выгаворваючы кожнае слова, прамовіў: “Я ненавижу белорусский язык. Ненавижу!”
У гэты момент я вельмі хвалявалася, каб гэтыя словы не пачуў мой сын. Але ён быў надта заняты назіраннем за дарогай і за лямпачкамі, якія ўключаліся на панэлі кіравання ў кабіне кіроўцы.
“Мама, гэта наш прыпынак, выходзьма”, – абвесціў мой сын і, схапіўшы мяне за руку, пацягнуў да выхаду.
Разам з намі з тралейбуса выйшла спадарыня сталага веку. Яна нахілілася да сына: “Малайчынка, што размаўляеш па-беларуску”, – і пагладзіла яго па спіне. Сын з ззяючымі вачыма зірнуў на мяне. “Дзякуй”, – прамовіла я. “Гэта вам дзякуй”, – адказала спадарыня.
Біпалярнае стаўленне да мовы – наша беларуская рэчаіснасць. Ці можам мы сказаць, што ў беларусаў з адмоўным стаўленнем да беларускай мовы меньш беларускасці ў параўнанні з тымі, хто размаўляе на ёй штодзень? На гэта пытанне можна адказаць толькі праз апытанкі і размовы з людзьмі, якія атаясамляюць сябе з беларускамі і беларусамі. Менавіта іх абагуленыя галасы здольныя ўдакладніць паняцце беларускасці.
Я магу сцвярджаць толькі адно: немагчыма быць абыякавымі да культуры і гісторыі народа, мову якога мы вывучаем. А мова – гэта прызма, праз якую мы бачым свет і робім высновы, што нам у ім падабаецца, а што не. Гаворка на беларускай мове – крок да беларускасці.
З нараджэння я рускамоўная, але пачала ўваходзіць у сферу беларускай мовы ў год нараджэння сына. Мы з мужам вырашылі, што першая яго мова мусіць быць беларускай, а гэта магчыма зрабіць толькі ў адным выпадку: мы самі мусім пачаць дома і размаўляць, і злавацца, і радавацца толькі па-беларуску. Я памятую, як сядзела, нахіліўшыся над маім немаўляткам, трымала ў руках шкарпэткі і ў думках узгадвала іх назву, бо напачатку блытала словы “шкарпэткі” і “панчохі”. Паступова знік моўны бар’ер, і ўзгадваць словы стала лягчэй.
Не так даўно мне тэрмінова спатрэбіўся беларускі народны строй. Я пачала наведваць вечарыны беларускіх танцаў. Нягледзячы на тое, што і ў джынсах мне танчыцца вельмі файна, менавіта строй здольны надаць гэтаму працэсу яшчэ большай асалоды. Адна дзяўчына на вечарыне заўважыла, што раней яна танчыла пад песні “Фабрики звезд”, а зараз набыла сукенку з вышыўкай і з асалодай танчыць “Вішаньку” пад баян.
Вывучэнне мовы падцягнула цікавасць да гісторыі і культуры. Я зразумела, што сама з’яўляюся іх часткай. Калісьці я вывучала гісторыю сусветнага мастацтва і мусіла завучыць на памяць назвы і выгляд архітэктурных і мастацкіх асаблівасцяў розных эпох. У поле беларускай культуры ўваход быў лягчэйшы, бо ён здзяйсняўся праз асабістыя ўспаміны: прыклады культурных артэфактаў паўставалі знаёмымі вобразамі з бабулінай хаты. Таму для мяне мова была першай і карыснай пігулькай, якую я прыняла і пасля якой шлях да беларускай культуры перастаў патрабаваць шмат высілкаў. Яна стала гучаць унутры мяне шэптам продкаў.
Ці абавязкова ведаць гісторыю і культуру, каб выгадаваць у сябе беларускасць? У любой з’явы, якая прэтэндуе на доўгае існаванне, мусіць быць падмурак. Гісторыя і культура з’яўляюцца такімі моцнымі і сталымі рэчамі, на якія абапіраецца сучаснасць. Калі ў з’явы няма мінулага, то ў яе няма і будучыні. Беларускі мастак Cowek у адным інтэрв’ю цытаваў словы вядомага індзійскага прапаведніка Оша: “Не шукайце лепшага, а шукайце сваё. Лепшае не заўсёды будзе тваім, але сваё – заўсёды лепшае”. Мастак распавядаў, што раней капіяваў замежныя штампы, а свой адметны стыль змог знайсці ў беларускіх легендах і паданнях, бо толькі ў гэтай сферы было нешта ўнікальнае.
Ці можна сцвярджаць, што беларускасць крыецца толькі ва ўжыванні беларускай мовы ў штодзённым жыцці?
Мая сяброўка нарадзілася ў вёсцы, але падчас вучобы ў менскім ВНУ выціснула са сваёй гаворкі нават беларускі акцэнт і зараз размаўляе на выкшталцонай расейскай мове. На пытанне, ці падтрымлівае яна ідэю аб тым, каб у Беларусі засталася адна дзяржаўная мова – беларуская, – яна адказала адмоўна. Сяброўка працуе ў аддзеле кадраў, і перспектыва пераводзіць усё справаводства на беларускую мову яе пужае. Дадатковыя высілкі на гэты працэс марнаваць яна не згодная. Сяброўка лічыць сябе беларускай і ўхваляе ідэю аб Беларусі як асобнай незалежнай краіны, але не хоча мяняць звыклы лад жыцця.
У Беларусі багата выбітных людзей, для якіх асноўная мова зносін – расейская, але якія робяць вялікі ўнёсак у развіццё беларускай культуры. Уладзімір Мацкевіч, Уладзімір Цэслер... Можа, мова – гэта толькі інструмент, а беларускасць крыецца ў іншых рэчах?
Супрацоўнікі КДБ, якія здзяйснялі ператрус у нашай кватэры, ведалі, чым адрозніваецца герб Пагоня ад герба Літвы, беларуская лацінка ад польскай мовы і ўхвалялі кнігі па гісторыі ВКЛ. Але іх кабінет стракацеў ад расейскіх сцягаў і гербаў. Мусіць, у іх таксама ёсць свая ідэя беларускасці.
Для кагосьці Беларусь існуе толькі ў складзе “дружественного союза” з усходняй дзяржавай, а беларускасць з’яўляецца чымсьці падобным да разынак ў рускім свеце, якія паказваюцца з нагоды дзяржаўных святаў, а пасля зноў хаваюцца ў цёмную шафу. Для кагосьці беларускасць зусім не звязана з мовай, а хтосьці п'е беларускую мову нагбом. Хтосьці адмыслова аддае сваіх дзяцей у школы, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове, але ў хатнім асяродку працягвае стасункі на расейскай мове. Для кагосці беларускасць праяўляецца толькі ў падтрымцы афіцыйнай палітыцы Беларусі, а для кагосьці – толькі ў падтрымцы яе апанентаў. Калі я звязваю асабістую беларускаць з беларускай мовай і культурай, гэта не з’яўляецца адзіным слушным вызначэннем гэтага тэрміна. Дакладна магу сцвярджаць толькі адно: шчырая беларускасць захоўваецца ў сэрцы, а не ў якасці вонкавых дэкарацый.
У сітуацыі геаграфічнай адлегласці беларусак і беларусаў ад роднай краіны беларускасць вылучаецца ў жаданні не асімілявацца, а вылучацца сярод мясцовага насельніцтва. Але вылучацца так, каб наладжваць сяброўскія, а не варожыя стасункі з прадстаўнікамі іншых краін. Быць беларускамі і беларусамі сёння – гэта не толькі гуртавацца разам, але і весці культурную дыпламатыю ў тых краінах, дзе мы знаходзімся, супрацоўнічаць з народамі, на чыіх землях зараз жывём.
На сённяшні дзень у тэрміна “беларускасць” шмат розных граняў, бо на нашых вачах адбываецца працэс яго станаўлення і ўдакладнення значэння: мова, сімвалы, прывязка да пэўнага палітычнага накірунка, адметныя рысы паводзін беларусак і беларусаў і інш. Сёння мы на ростанях. Кожная і кожны з беларусак і беларусаў штодня выбудоўвае алгарытмы паводзін, якія ў будучыні стануць падмуркам для лексічнага вызначэння слова “беларускасць”. Толькі праз галасы мільёнаў можна зрабіць выснову, што значыць для людзей быць беларускамі і беларусамі.
Прапаную кожнай і кожнаму рабіць асабісты ўнёсак. Прасоўваць сваё разуменне беларускасці і паводзіць сябе ў штодзённасці так, як варта весці сябе беларускам і беларусам. Дзякуючы сучасным тэхналогіям гэта рабіць нашмат прасцей, чым 100 год таму.
Беларускасць ува мне і ў цябе, ува ўсіх нас. А якімі прыметнікамі будуць апісваць тэрмін “беларускасць” у будучыні – залежыць толькі ад нас.