Founded by the European Union
Чаму наш падыход да прыроды павінен змяніцца

Cтудэнцкія працы

Чаму наш падыход да прыроды павінен змяніцца

Калі мы хочам, каб будучыя пакаленні ўспаміналі нас не са смуткам, а з удзячнасцю, мы павінны дамагчыся большага, чым проста цуды тэхнікі. Мы павінны пакінуць ім уяўленне аб свеце, якім ён быў створаны, а не толькі пра тое, як ён выглядаў, калі мы з ім пакончылі.

Ліндан Б. Джонсан

Уявіце сабе, што вы гуляеце па парку, які заліты залатым святлом летняга дня. Спяваюць птушкі, смяюцца дзеці, у паветры лунае салодкі водар, распусціліся кветкi. Ствараецца ўражанне, што прырода радуецца свайму існаванню…

Гэтая ідылічная карціна стала фонам для прагулкі, якую я здзейсніла ў адзін з сонечных дзён і якая прымусіла мяне задумацца аб традыцыйных метадах «абароны прыроды». Нягледзячы на нашыя высакародныя намеры, прыродаахоўную палітыку і інфармацыйныя кампаніі, факты сведчаць пра тое, што мы цярпім няўдачу. Шпацыр у той летні дзень выклікаў у мяне жаданне даследаваць больш глыбокія і сістэмныя праблемы, якія ляжаць у аснове нашых добранамерных, але памылковых спробаў «абароны прыроды».

У той дзень, калі я шпацыравала па парку, з дрэва мякка ўпаў ліст і прызямліўся побач са мной. Я падняла яго і, разглядаючы мудрагелістыя пражылкі, здзівілася яго складанасці – той складанасці, якая адлюстроўваецца ва ўсёй прыродзе: ад тых сістэм, што кіруюць умовамі надвор'я, да далікатнага балансу акіянічных. У гэты момант я зразумела, наколькі саманадзейна меркаваць, што прырода ва ўсёй яе складанасці і пышнасці мае патрэбу ў нашай абароне. Яе экасістэмы выбудоўваліся тысячагоддзямі, і яна валодае ўстойлівасцю, якая нашмат перавышае нашае слабое разуменне. Калі ўжо на тое пайшло, то не прырода мае патрэбу ў абароне, а чалавецтва – у абароне ад уласнай ганарыстасці і недальнабачнасці.

«Ахова прыроды», антрапацэнтрызм і эгацэнтрызм

Канцэпцыя, згодна з якой мы, людзі, з'яўляемся захавальнікамі Зямлі, глыбока ўкаранілася ў нашай псіхіцы. Пад уплывам рэлігійных дактрын або антрапацэнтрычнай філасофіі мы часта разглядаем сябе як цэнтральную фігуру ў экалагічным апавяданні. Такі пункт гледжання не проста эгацэнтрычны, ён небяспечны, бо дазваляе нам умешвацца ў прыродныя працэсы з недарэчнай упэўненасцю ў тым, што мы «робім дабро», але пры гэтым часцяком дамагаемся адваротнага.

У свеце, дзе пануе спажывецтва, нават прыродаахоўныя мерапрыемствы часта становяцца таварам. Мы купляем «экалагічна чыстыя» тавары, ахвяруем у прыродаахоўныя фонды, удзельнічаем ва «ўстойлівым турызме», часцяком зусім не разумеючы яго сутнасці. Гэтыя дзеянні, хоць, магчыма, і маюць добрыя мэты, часам могуць увекавечыць тыя ж сістэмы эксплуатацыі і дэградацыі, з якімі яны спрабуюць змагацца.

Зусім нядаўна праходзіў Сусветны эканамічны форум у Давосе, задуманы як глабальная пляцоўка для абмеркавання актуальных праблем, такіх як змяненне клімату. І кожны дзясяты яго ўдзельнік прыбыў туды на прыватным самалёце.

Гэтая абуральная неадпаведнасць паміж мэтамі форуму і рэальнымі паводзінамі яго ўдзельнікаў увасабляе больш шырокую неадпаведнасць паміж рыторыкай і дзеяннямі ў сферы экалагічнай устойлівасці. Выкарыстанне прыватных самалётаў, сумна вядомых сваімі высокімі выкідамі вуглякіслага газу, не толькі падрывае давер да гэтага значнага мерапрыемства, але і служыць трывожным напамінам пра тое, наколькі тэрмінова мы павінны прывесці свае дзеянні ў адпаведнасць з заяўленымі каштоўнасцямі. Калі сусветныя лідары збіраюцца для вырашэння экалагічных праблем, а спосаб іх прыбыцця пасылае контрпрадуктыўны сігнал, гэта зніжае сур'ёзнасць самой праблемы кліматычнага крызісу.

Чалавек у экасістэме

Наша разуменне складаных экалагічных сістэм Зямлі вельмі абмежаванае. Падумайце пра гэта. Навукоўцы ўсё яшчэ адкрываюць новыя віды, даследуюць нязведаныя тэрыторыі і разгадваюць схаваныя працэсы, якія падтрымліваюць жыццё на нашай планеце. Нашае разуменне не ў стане ахапіць незлічоныя ўзаемазалежнасці, якія існуюць у прыродзе. Спрабуючы «абараніць» прыроду, мы рызыкуем парушыць працу тых самых сістэмаў, якія імкнёмся захаваць. Таму нашыя дзеянні часцяком прыводзяць да непрадбачаных і незваротных наступстваў.

Магчыма, настаў час прымяніць іншы падыход – мысленне, якое разглядае чалавека і прыроду як узаемазалежныя кампаненты адной сістэмы. Замест таго каб разглядаць прыроду як асобную сутнасць, якую неабходна ахоўваць, мы павінны імкнуцца да гарманічных, узаемазалежных адносін, якія прыносяць карысць і чалавеку, і прыродзе.

Адным з ключавых момантаў у змене нашых адносін з прыродай з'яўляецца адукацыя. Мы павінны выйсці за рамкі простага выкладання фактаў пра дэградацыю навакольнага асяроддзя і актыўна задзейнічаць сістэмнае мысленне ды інтэграваць экалагічныя прынцыпы ва ўсе аспекты адукацыі – ад грамадазнаўства да эканомікі і мастацтва. Толькі ў гэтым выпадку мы зможам спадзявацца на тое, што вырасце пакаленне, якое будзе разумець складаны баланс сацыяльна-экалагічных сістэм, часткай якіх мы з'яўляемся.

Экалагічная эканоміка прапануе для гэтага аснову, якая ўлічвае не толькі эканамічную, але і экалагічную і сацыяльную каштоўнасць прыродных рэсурсаў. Гэта можа азначаць пераход ад ацэнкі поспеху, арыентаванай на валавы ўнутраны прадукт, да ацэнкі, у якую ўваходзяць індэксы экалагічнага і сацыяльнага дабрабыту.

Ці працуюць стратэгічныя рашэнні?

Карэнныя народы, а таксама нашыя беларускія продкі даюць нам неацэнныя ўрокі ўстойлівага развіцця, аднак іх галасы ігнаруюцца ў глабальнай экалагічнай палітыцы. Асабліва ў Беларусі мы схільныя навязваць чужы «перадавы вобраз мыслення», часцяком ігнаруючы мудрасць продкаў, якая культывавалася пакаленнямі.

Але ва многіх выпадках менавіта карэнныя супольнасці ў найбольшай ступені пакутуюць ад наступстваў змены клімату і дэградацыі навакольнага асяроддзя, хоць іх экалагічны след вельмі малы ў параўнанні з прамыслова развітымі краінамі. Надышоў час прызнаць багацце ведаў, якімі валодаюць лакальныя культуры, і інтэграваць іх мудрасць у нашыя стратэгіі ўстойлівага развіцця.

Скажам прама, наяўныя статыстычныя дадзеныя малююць бязрадасную карціну і прымушаюць нас сумнявацца ў эфектыўнасці глабальных намаганняў па захаванню прыроды. Згодна з разбуральным дакладам ААН, ні адна з дваццаці стратэгічных Айцінскіх мэтаў у галіне біяразнастайнасці, якія былі ўсталяваны ў 2010-м на 2011–2020 гады, не была цалкам выкананая.

Гэтыя задачы былі накіраваны на рашэнне найважнейшых праблем – ад барацьбы з забруджваннем навакольнага асяроддзя да абароны каралавых рыфаў, — але ўсе яны апынуліся нявыкананымі. Гэта ўжо другое дзесяцігоддзе запар, калі нам не ўдаецца дасягнуць падобных мэтаў. Яшчэ горш тое, што, як адзначаецца ў дакладзе, працягваюць знікаць натуральныя асяроддзі, а дзяржаўныя субсідыі ў памеры 500 млрд долараў ЗША, якія наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю, так і не былі адмененыя.

Падобны сістэмны правал – гэта не проста экалагічная праблема, гэта трывожны сігнал, які сведчыць пра тое, што нашыя цяперашнія мадэлі кіравання, эканамічнага развіцця і грамадскіх каштоўнасцяў у корані памылковыя. У справаздачы ААН таксама закранаецца пытанне аб тым, якія наступствы для чалавека мае гэтая экалагічная нядбайнасць. І паведамляецца, што бяздзейнасць можа падарваць сэнс такіх ключавых глабальных ініцыятываў, як Парыжскае пагадненне і Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця. Па сутнасці, не выканаўшы задачы па захаванню біяразнастайнасці, мы не толькі падводзім прыроду, але і можам наклікаць на сябе каскад наступстваў, якія могуць паставіць пад пагрозу самі асновы дабрабыту і бяспекі чалавека.

Больш за тое, згодна з дакладам IPCC, мы не зможам утрымаць глабальнае пацяпленне на ўзроўні менш за 1,5 градуса Цэльсія ў параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем. Гэта не проста лічбы, яны выліваюцца ў рэальныя наступствы: павелічэнне колькасці стыхійных бедстваў, гібель людзей і не-людзей, а таксама нестабільная будучыня наступных пакаленняў.

Імкнучыся «вырашыць» экалагічныя праблемы, мы часта звяртаемся да тэхналогій як да выратавальніка. Аднак хоць тэхналагічны прагрэс адкрывае неверагодныя магчымасці для захавання і ўстойлівага развіцця навакольнага асяроддзя, ён не пазбаўлены падводных камянёў. Сонечныя батарэі, электрамабілі і іншыя «зялёныя тэхналогіі» па-ранейшаму патрабуюць сыравіны, здабыча якой часцяком вядзецца экалагічна шкоднымі спосабамі.

Мы з асаблівым энтузіязмам ставімся да гэтых інавацый, але павінны задаць сабе этычнае пытанне: ці сапраўды мы можам з дапамогай тэхналогій выйсці з крызісу, які ў сваёй аснове патрабуе фундаментальных змен у нашых каштоўнасцях і паводзінах?

Ад мыслення дамінавання да мыслення павагі

Шпацыр па парку ў пагодны летні дзень адкрыў мне вочы на адну фундаментальную ісціну: наш падыход да «абароны прыроды» заганны ў сваёй аснове, паколькі зыходзіць з антрапацэнтрычнага светапогляду. Нам неабходна перайсці ад мыслення дамінавання і пратэкцыянізму да мыслення павагі, стрыманасці і ўзаемавыгадных адносін з прыродай. У рэшце рэшт, калі тэмпература яшчэ больш павысіцца, Зямля ачысціцца ад людзей – мы не будзем існаваць, а яна будзе. Толькі пластык «застанецца ў жывых». Але і ён, як мне здаецца, будзе інтэграваны ў экасістэму. Зямля не мае патрэбы ў нашай абароне. Наадварот, нам неабходна арыентавацца на прыродныя працэсы і сістэмы, якія падтрымлівалі жыццё на нашай планеце на працягу мільярдаў гадоў.

Па меры таго як мы ажыццяўляем гэты ідэалагічны і практычны пераход, перад намі паўстаюць надзённыя пытанні. Як пабудаваць эканамічную сістэму, у якой устойлівасць будзе цаніцца вышэй няспыннага росту? Як змяніць нашую культурную парадыгму, каб разглядаць сябе як маленькую, але неад'емную частку вялікай дынамічнай сістэмы? І што асабліва важна, ці гатовыя мы адмовіцца ад самазванай ролі «абаронцаў» Зямлі і стаць яе сціплымі вучнямі і паважлівымі сужыцелямі?


Алена Рабкіна

Маё смецце вандруе больш за мяне!

Cтудэнцкія працы

Маё смецце вандруе больш за мяне!

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Курсы першай дапамогі

Праекты ўдзельні_ц

Курсы першай дапамогі

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Лета-2023: што я магу зрабіць для Беларусі сёння?

Cтудэнцкія працы

Лета-2023: што я магу зрабіць для Беларусі сёння?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Партфоліа праекта «MentalYouNited»

Праекты ўдзельні_ц

Партфоліа праекта «MentalYouNited»

Чытаць цалкам Чытаць цалкам