Founded by the European Union
Конкурс эсэ: тэкст Ганны Паўлавай

Cтудэнцкія працы

Конкурс эсэ: тэкст Ганны Паўлавай

Што такое сучасная беларускасць? Паразважаць на гэтае пытанне мы запрасілі нашых студэнт_ак і менці ў межах адкрытага конкурсу. Публікуем эсэ, абранае журы нашага праекту.

Калі я разважала над гэтым пытаннем, у маёй галаве з’явіўся вобраз дзьмухаўцоў на лузе. На мой погляд, гэтыя кветкі дакладна адлюстроўваюць сутнасць нашага характару і менталітэту.

Простыя кветачкі, якія зацвітаюць з надыходам вясны. Спачатку нясмела распускаецца адзін, потым два-тры, а праз колькі дзён увесь луг ужо ўсыпаны жоўтымі сонейкамі.

“Беларусы, як дзьмухаўцы, што вясной зацвітаюць у акрузе, калі зыйдуць марозы і сцюжы і прагрэецца маці-зямля. Пройдзе час, разляцяцца па свеце маладыя бялёсыя дзеці, занясе ў край далёкі злы вецер. З часам пусцяць у зямельку другую свае карані, як у радную, замацуюцца на новым месцы, каб улетку самім расцвісці. Не вярнуцца дахаты ніколі, дзе на шэрым балоцістым полі ўпершыню сонца промні сустрэлі, гадаваліся і пасталелі…”

На працягу стагоддзяў нашыя продкі “гаравалі” сярод лясоў і балотаў, моцна пускаючы свае карані ў зямлю. Сама прырода вякамі загартоўвала іх характар. Шматлікія гістарычныя падзеі выпрабоўвалі беларусаў: адны пад гнётам гістарычнай непагоды гінулі, другія схіляліся да зямлі, а потым, калі непагода праходзіла, зноў горда ўзнімаліся ў поўны рост, каб падараваць жыццё новаму пакаленню – больш стойкаму і мужнаму. На маю думку, навучыцца беларускаці нельга. Яна перадаецца на генетычным узроўні і ўсмоктваецца з матчыным малаком.

Розны лёс чакаў і нашчадкаў беларусаў. Адны заставаліся на бацькоўскай зямлі, другіх неаднаразовыя вятры зменаў адносілі на Усход, за Уральскія горы, у Еўропу і нават на другі бок зямлі – у Амерыку. Так адбывалася раней і, на жаль, будзе адбывацца далей. Але куды б ні патрапілі беларусы, яны заўсёды заставаліся дзецьмі роднай зямлі. Якімі б цяжкімі і складанымі не былі новыя умовы жыцця, беларусы ніколі не гублялі аптымізму, заставаліся шчырымі, адкрытымі і гасціннымі. На новым месцы яны, як і іх продкі, самааддана працавалі, дадавалі непаўторныя і яскравыя колеры наваколлю, вылучаліся сваёй устойлівасцю.

Але вось які парадокс. Найбольшая каштоўнасць беларускасці з’яўлялася на чужыне. Толькі на новым месцы беларусы на самой справе адчувалі важнасць прыналежнасці да сваіх продкаў і суайчыннікаў. Яны імкнуліся захаваць сваю сувязь з Радзімай праз мову, песні і традыцыі. Але, на жаль, жывая сувязь з Радзімай перарывалася, а беларускасць фіксавалася момантам ад’езду. А ў далейшым беларусы замежжа развівалі самаідэнтыфікацыю з улікам культурных асаблівасцей краіны, у якую пераехалі. Таму і атрымлівалася, што беларусы ў розных краінах маюць агульныя рысы характару і менталітэту, але адрозніваюцца паміж сабой.

На мой погляд, на працягу ўсяго часу існавання нашага народа беларускасць уяўляла сабой грымучую сумесь супрацьлегласцяў. З аднаго боку, беларусы захапляліся дасягненнямі чужынцаў, а з другога – абясцэньвалі свае ўласныя, бо імкненне рабіць усё на вышэйшым узроўні – з’ява, якая сама сабой разумелася. З дзяцінства беларусы прывучаліся да цяжкай працы, якая была галоўнай умовай выжывання. Адначасова з гэтым яны верылі ў нейкі дзівосны цуд, які кардынальна зменіць іх жыццё і абавязкова ў лепшы бок. Простыя і адкрытыя, на першы погляд, беларусы заўсёды маглі здзівіць сваёй кемлівасцю і жыццёвай мудрасцю. Беларусы спакон веку клапаціліся пра асабісты дастатак сваёй сям’і. Але ў перыяды розных ліхалеццяў аб’ядноўваліся і дапамагалі адзін аднаму, як адзін шлі абараняць Радзіму, гарады-вёскі, сваі сем’і. Але можа дзякуючы гэтаму сімбіёзу і з’явілася беларускасць?

Што тычыцца сучасных беларусаў, то яны ўжо самі сталі своеасаблівым брэндам з найвышэйшай адзнакай якасці. Ад продкаў сучасныя беларусы амаль не адрозніваюцца, бо жыццёвыя каштоўнасці нацыі засталіся такімі ж, як некалькі стагоддзяў таму. На жаль, у свеце з’явілася яшчэ адна хваля беларусаў замежжа, для якіх кропкай адліку стаў 2020 год. Для іх сувязь з краінай, нават пры наяўнасці сучасных тэхналогій, ужо амаль згублена. Яны застануцца беларусамі, але ў іх будзе ўжо зусім другая беларускасць. Добра гэта ці кепска – пакажа час.

Партфоліа праекта «MentalYouNited»

Праекты ўдзельні_ц

Партфоліа праекта «MentalYouNited»

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Ці толькі людзі могуць мець правы?

Cтудэнцкія працы

Ці толькі людзі могуць мець правы?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Лета-2023: што я магу зрабіць для Беларусі сёння?

Cтудэнцкія працы

Лета-2023: што я магу зрабіць для Беларусі сёння?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Маё смецце вандруе больш за мяне!

Cтудэнцкія працы

Маё смецце вандруе больш за мяне!

Чытаць цалкам Чытаць цалкам