Founded by the European Union
Маё смецце вандруе больш за мяне!

Cтудэнцкія працы

Маё смецце вандруе больш за мяне!

Адна гісторыя экаактывізму

Мне падабаецца метафара, што праекты, якія мы робім, – гэта быццам бы нашыя дзеці. Мы прыводзім іх у свет, разам вучымся новаму, разам сталеем. Да таго ж, калі навокал вайна, пра тое, каб прыводзіць сапраўдных дзяцей у свет, мне думаць не хочацца. Таму вось – цешуся тым, што запускаю праекты.

Усё пачалося з Менску, горада, які ўсе турысты апісваюць як “вельмі чысты”. Горада, які падараваў мне каханне, сяброў ды звычку да парадку. У 2018 годзе я атрымала цікавую прапанову па працы, і так маім новым домам стаў Кіеў. Шырокія праспекты, двары дамоў ды мова выглядалі знаёма, але пунктам адліку стала … смецце. Адкуль плыве смецце, што бачыш з набярэжнай Дняпра каля Паштовай плошчы? Колькі ў наступны раз браць пакетаў для смецця на добраахвотнае прыбіранне ў Гідрапарку, каб іх было дастаткова (бо заўжды не хапала)? Як зрабіць так, каб прыгожую Русанаўку перасталі ўсыпаць смеццем паабапал пешаходных дарожак?

У пошуках адказаў на свае пытанні я пачала цікавіцца экалогіяй: слухала падкасты, чытала экаблогераў, нават ладзіла экалекцыю для калег. І заўжды тэма смецця ды перапрацоўкі была рухавіком маёй матывацыі.

Пачатак вайны я сустрэла ў турэцкай Анаталіі, дзе была на адпачынку. Шок першых тыдняў ад падзей ды немагчымасці вярнуцца дадому змяніўся больш практычнымі пытаннямі: што рабіць далей ды… дзе мне цяпер жыць? Я пачала вымушана вандраваць па краінах ды гарадах, але вазіла з сабой рэдкія фракцыя смецця, якія, як спадзявалася, вось-вось павязу дадому, у Кіеў, на перапрацоўку.

А ведаеш, у чым іронія? Мы змяняем краіны, гарады ды тыя месцы, што называем домам. Але смецце будзе паўсюль: і ў Менску, і ў Кіеве, і ў Варшаве, і ў Тбілісі. Для нас перасячы мяжу – гэта ж цэлая справа! Час ад часу  гэта нагадвае невырашальны квест: патрэбна віза – а ВНЖ у цябе ёсць? Няма? Ооо, мой сябр, ты папаў! Што кажаш? У пашпарце старонкі заканчваюцца? Ну ... відаць, вандроўку адкладаем на паўгады мінімум – ты спачатку ў консульства паспрабуй папасць на візіт.

А пакуль ты пакутуеш з дакументамі ды бюракратыяй, смецце можа падарожнічаць па свеце лёгка і бесклапотна, перасякаючы моры, акіяны, межы кантынентаў. Што я адчуваю? Зайздрасць! Мне падаецца, гэта суцэльная несправядлівасць!

Калі сур’ёзна, для мяне праблема смецця – вялікая і складаная. Настолькі, што я пішу гэтую гісторыю. Але мне куды больш падабаецца распавядаць гісторыі людзей. Таму ў пошуках адказу на пытанні пра смецце ды яго перапрацоўку ў сакавіку 2023-га я пачала запісваць уласны падкаст “Рабіць (не) перарарабіць”. Ён пра экалогію,  тэхналогіі ды пра перапрацоўку смецця.

Не, я не "чарговы дамарослы экаактывіст", што будзе пужаць жахамі глабальнага пацяплення, мікрапластыкам ды Грэтай Тунберг! Я не бачу ніякага сэнсу ў запалохванні — гэта контрпрадуктыўна. Я ўзяла курс на натхненне. Мне здаецца куды больш эфектыўным дарыць людзям надзею і нейкую радасць –  эмоцыі, да якіх хочацца дакранацца цеплынёй сэрца. Таму падкаст “Рабіць (не) перарарабіць” – гэта пра натхняльныя гісторыі звычайных людзей з усяго свету: студэнтаў ды менеджараў па продажах, універсытэскіх прэпадаў ды школьнікаў – усіх, хто знайшоў магію па-за межамі Хогвартса ды пачаў перапрацоўку таго, што яшчэ ўчора сам называў «смеццем».

Як табе ідэя рабіць паперу з апалага лісця або сланоўіх каках? А што наконт акуляраў з кававай гушчы – даць памераць? Перапрацоўка, якая змяняе наш сусвет, – вось мая крыніца натхнення.  Далучайся! Бо разам нам яшчэ рабіць (не) перарабіць!

P.S. Падкаст даступны на ўсіх падкаст-пляцоўках:

GoogleAppleSpotify | Спасылкі на іншыя платформы шукай тут.

Партфоліа праекта «Спадчына»

Праекты ўдзельні_ц

Партфоліа праекта «Спадчына»

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Што такое грамадзянская супольнасць?

Матэрыялы эксперт_ак

Што такое грамадзянская супольнасць?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Што такое ментaрынг і як ён уладкаваны знутры?

Матэрыялы эксперт_ак

Што такое ментaрынг і як ён уладкаваны знутры?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Пётра

Cтудэнцкія працы

Пётра

Чытаць цалкам Чытаць цалкам