Founded by the European Union
Лета-2023: што я магу зрабіць для Беларусі сёння?

Cтудэнцкія працы

Лета-2023: што я магу зрабіць для Беларусі сёння?

Пра свой асабісты досвед, матывацыю і дэвіз піша адна з пераможцаў конкурса эсэ.

Рабі тое, што можаш,
там, дзе ты ёсць, 
з тым, што ў цябе ёсць.

Тэадор Рузвельт



«Што я магу зрабіць для Беларусі гэтым летам?» – гэтае пытанне я задала сабе на пачатку лета. Сёння я – эмігрантка, была вымушана з’ехаць з Беларусі, мае пазіцыі ў новай краіне, Літве, хісткія. І калі рабіць нешта для Беларусі, знаходзячыся па-за яе межамі, то ці не будуць гэтыя справы і высілкі марнымі?
Што беларускага знаходзіцца зараз пад маім кантролем і адказнасцю? Гэта маё жыццё, мой жыццёвы шлях. Я — грамадзянка Беларусі, адна дзевяцімільённая яе частка. І я магу палепшыць сябе, а значыць і Беларусь, на адну дзевяцімільённую частку.

Мой адказ на пытанне «Што я магу зрабіць для Беларусі гэтым летам?» – навучацца лепшаму ў Еўропе, у Літве, навучацца лепшаму ў суседзяў, каб перанесці гэты досвед у Новую Беларусь Будучыні.

Мой дэвіз, маё рашэнне на гэта лета: «Новыя часы – новыя магчымасці». Я вырашыла паспрабаваць рабіць новае і вучыцца новаму, адкінуўшы вывучаную бездапаможнасць. НЕ! – пазіцыі «а што я магу?», «а я ж нічога не ўмею». Я – беларуска, і шмат што магу, а калі не ўмею сёння, то навучуся заўтра.

Гэтае натхненне не баяцца спрабаваць зрабіць новае, не баяцца памылак даў мне 2020 год. І я вырашыла зрабіць сваё хобі другой прафесіяй.

Па першай адукацыі я інжынер і шмат гадоў выкладала тэхнічныя дысцыпліны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Але ўсё жыццё я цікавілася краязнаўствам, гістарычнай спадчынай Беларусі, шмат ездзіла на экскурсіі, у экспедыцыі. У 2020 годзе я пачала вучыцца на экскурсавода і ў 2021-м ужо вадзіла экскурсіі. Апынуўшыся за мяжой, я вырашыла сістэматызаваць і ўдасканаліць свае веды па гісторыі і культуры Беларусі. Я паступіла ў магістратуру Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту на спецыяльнасць «Развіццё культурнай спадчыны». Далучэнне да еўрапейскай адукацыі – гэта маё найлепшае натхняльнае дасягненне гэтага лета і крок да прафесіяналізму і кампетэнцый, з якімі я буду карыснай для грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Ці не страшна і не дзіўна мне рабіцца зноў студэнткай у 40+ гадоў? Не, бо імпульс да пазнання новага захаваўся ў мяне з 2020 году да гэтай пары. Я разумею, што зараз інфармацыя і веды абнаўляюцца вельмі хутка і для таго каб працаваць на сучасным узроўні, трэба вучыцца ўсё жыццё, што адпавядае канцэпцыі Longlife Learning. На жаль, фармальная адукацыя, напрыклад універсітэт, у якім я працавала, не заўсёды паспяваюць за хутка зменлівай плынню інфармацыі і часта даюць добрую базу, але не знаходзяцца на вастрыні навізны.

У гэтым годзе я ўзяла ў свой арсенал навізны і сучаснасці і нефармальную адукацыю. Вялікі дзякуй Social Camp за курс «Крытычнае мысленне», за веды, як аргументавана і разумна адстойваць сваё меркаванне, як выявіць кагнітыўныя памылкі, як знаходзіць добрыя аргументы і прамаўляць пераканаўча. Таксама гэтым летам я прайшла курс «Школа медыяграматнасці» ад International Foundation for Adult Education, які дапамог мне разабрацца ў пытаннях PR, камунікацыі з мэтавай аўдыторыяй, а таксама з інструментамі візуалізацыі і эксплэйнерамі. А галоўнае, я пазнаёмілася з цікавымі і апантанымі людзьмі ў сферы дадатковай адукацыі, сваімі сакурснікамі, якія гараць ідэямі рабіць цікавыя праекты.

Я і раней па сваёй працы ведала такі прынцып, адну з каштоўнасцей Agile-маніфеста: «Людзі і ўзаемадзеянне – важнейшыя за працэсы і інструменты». А летам я ўпэўнілася ў гэтай каштоўнасці на практыцы. Сапраўды, людзі, чалавечы капітал, сацыяльныя сувязі, крэатыўнасць – гэта паліва рухавіка, які імкне грамадства наперад. Гэта было бачна і падчас рэвалюцыі 2020 года – сапраўды, гэта была рэвалюцыя пераходу ад індустрыяльнага да постіндустрыяльнага, інфармацыйнага грамадства. Застарэлым адміністратыўным падыходам (дзяржаўнаму размеркаванню, спробам збору на праўладныя мітынгі па разнарадцы на прадпрыемствах) супрацьстаялі сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, крэатыўнасць, гарызантальныя сувязі. Я ўпэўненая, што гэтая бітва не скончаная.

Таму развіццё ў сабе крэатыўнасці, нэтворкінг з дасведчанымі і «зараджанымі» людзьмі – тое, што я рабіла гэтым летам.

Што датычыцца крэатыўнасці, сучасных інфармацыйных тэхналогій і цікавых праектаў, то я ўключылася ў працу ў экскурсійным стартапе Urban Legend і развівала ў ім новую галіну гарадскіх квэстаў па Вільнюсу. У асяроддзі «новай» беларускай дыяспары ў Літве ёсць запыт на вывучэнне беларускай мовы і гісторыі – у прыватнасці, гісторыі Вільнюса, звязанай з беларускімі дзеячамі. Гістарычныя квэсты дазваляюць прыцягальна і дасягальна данесці старонкі беларускай гісторыі, вырашыць праблему іх рэпрэзентацыі для шырокай аўдыторыі, звярнуць увагу беларусаў на будынкі, мясціны, шыльды, каля якіх яны, магчыма, праходзяць кожны дзень, і актуалізаваць іх як агульную спадчыну. Так, гарадскі квэст «Нашаніўскія легенды» быў створаны для таго, каб абудзіць цікавасць да падзей беларускай гісторыі пачатку ХХ стагоддзя і параўнаць іх з падзеямі літоўскай гісторыі таго ж часу.

Далучэнне да еўрапейскіх каштоўнасцяў – яшчэ адзін мой прыярытэт гэтага лета. Я вывучала літоўскую мову. Праўда, пакуль мае веды на ўзроўні А1, але ж гэта пакуль, успомнім «Я – беларуска, і я шмат што магу, а калі не ўмею сёння, то навучуся заўтра». Таксама я пазнаёмілася з літоўскай культурай і пажыла ў Вільнюсе – мульцікультурным горадзе, дзе вельмі адчуваецца дэвіз Еўрапейскага саюза «Адзінства ў разнастайнасці». Гэта значыць, што еўрапейцы адзіныя ў сумеснай працы на справу міру і дабрабыту, а мноства розных культур, традыцый і моў Еўропы з’яўляюцца пазітыўным фактарам для нашага кантынента. Гэтае самае адзінства ў разнастайнасці, калі ідзе дыялог розных культур, розных пунктаў гледжання і «ўсе кветкі квітнеюць», я бачу прыкладам для пераймання. Гэта тое, што я жадала б бачыць у Новай Беларусі і яе еўрапейскай будучыні.

Складаючы заданні да квэстаў праекта Urban Legend, я болей усвядоміла падабенства гісторый беларускага і літоўскага народаў. Так, вельмі шмат агульнага ў падзеях пачатку ХХ стагоддзя, напрыклад у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі і падпісанні Акта аб незалежнасці Літвы. Шмат якія дзеячы беларускага і літоўскага нацыянальнага руху мелі сяброўскія і нават сваяцкія сувязі. Так, Вацлаў Ластоўскі быў жанаты на літоўскай пісьменніцы Марыі Іванаўскайце-Ластаўскене, якая пісала разам з сястрой пад агульным псеўданімам Lazdynų Pelėda, а Алаіза Пашкевіч (Цётка) была замужам за Сцяпонасам Кайрысам, які пазней стаў сігнатарам Акта аб незалежнасці Літвы. Я ведала гэтыя факты і раней, але толькі прыехаўшы ў Вільнюс і пажыўшы тут, пахадзіўшы па тых жа вуліцах, што і гістарычныя дзеячы, я наноў засвоіла гэтыя факты. І я зайздрошчу літоўскім студэнтам, якія маюць магчымасць вучыцца на бакалаўрыяце ў Літве, а ў магістратуры, напрыклад у Германіі. Гэта фарміруе адчуванне сябе чалавекам свету.

Пры гэтым у мяне гэтым летам з’явілася патрэба пазначаць сябе як беларуску – праз элементы нацыянальнага строю, цішоткі з адметнымі прынтамі. Я лічу, што гэта таксама адпавядае дэвізу «Адзінства ў разнастайнасці» – жаданне быць элементам той самай разнастайнасці. Ведаць і практыкаваць сваё, цікавіцца і паважаць суседскае. Я жадала б бачыць у беларусаў больш павагі да сваёй мовы і культуры, тут нам ёсць чаму павучыцца ў літоўцаў.

Яшчэ адзін выклік гэтага лета для мяне – падтрымка іншых беларусаў. Салідарнасць, валанцёрская праца – гэта тое, чым я займаюся ў арганізацыі «Актыўным быць файна!». Прынцыпы працы шведскіх гурткоў, ідэя «Навучаючы іншых, вучымся ў іх» – гэта вельмі натхняльныя ідэі.

І вось яшчэ адна мая матывацыя, чаму я так прагна вучуся новаму, прагрэсіўнаму досведу і хачу перанесці найлепшае на беларускую глебу. Будзе вельмі крыўдна, калі ў Беларусі з'явіцца «акно магчымасцяў», каб далучыцца да сям’і еўрапейскіх народаў, а ў дэмакратычных сіл не хопіць дасведчаных людзей з сучаснымі кампетэнцыямі, і наш шлях зацягнецца і будзе больш пакручастым.

Рэзюмэ: захоўваем спакой і вострым косы!

Мая «каса» сёння – гэта мае сучасныя веды, нэтворкінг з дасведчанымі і апантанымі сваёй справай людзьмі, перайманне найлепшага досведу і імкненне рэалізаваць гэта ў Новай Беларусі Будучыні.

Што мы можам зрабіць для Беларусі сёння?

Cтудэнцкія працы

Што мы можам зрабіць для Беларусі сёння?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Конкурс эсэ: тэкст Дзяніса Каляды

Cтудэнцкія працы

Конкурс эсэ: тэкст Дзяніса Каляды

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Што такое ментaрынг і як ён уладкаваны знутры?

Матэрыялы эксперт_ак

Што такое ментaрынг і як ён уладкаваны знутры?

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Конкурс эсэ: тэкст Ганны Паўлавай

Cтудэнцкія працы

Конкурс эсэ: тэкст Ганны Паўлавай

Чытаць цалкам Чытаць цалкам