Founded by the European Union

Муралы стрыт-арт фестывалю “Vulica Brasil”

Фінальная праца студэнткі курса "Сторытэлінг" Таццяны Віркоўскай

Муралы стрыт-арт фестывалю “Vulica Brasil”

Таццяна Віркоўская
фота Яўгена Цінкевіча

Муралы стрыт-арт фестывалю “Vulica Brasil”
Гісторыя стварэння аўдыёгіда

У лютым 2016 года я сустрэлася з першым муралам. Можа, і раней яны знаходзіліся побач, бо я шмат падарожнічала і бывала ў розных еўрапейскіх краінах, але калі галава затлумленая іншымі думкамі, то самы яркі мурал можа застацца незаўважным сярод стракатай гарадской прасторы.

У той дзень я мэтанакіравана ішла на гэтую сустрэчу. Я даведалася, што восенню быў завершаны праект, падчас якога ў раёне каля метро Інстытут культуры з’явілася семь муралаў. Я выпісала іх адрасы, запрасіла сяброўку на шпацыр, і ў марозны снежны дзень мы пайшлі з імі знаёміцца. 

Мой першы мурал – “Дзяўчына ў вышыванцы”. Гэта была лёсавырашальная сустрэча, бо у постаці невядомай мне дзяўчыны, якая узнікла з фантазіі мастака, я пазнала саму сябе. Дзяўчыну намаляваў Гвідо ван Хелтэн – ў рамках паекта, падчас якога трэба было перанесці адчуванне ад нашай краіны на сцяну будынка. І ў яго атрымалася. Гвідо ніколі не бачыў мяне, але ён вельмі добра адчуў нашую прагу да сваёй ідэнтычнасці, якая хаваецца пад покрывам сучаснай глабалізацыі. 

З таго часу я пачала сачыць за тым, як паступова на вонкавых паверхнях розных будынкаў Менска з’ўляюцца новыя выявы. Я хадзіла на сустрэчы з імі, цікавілася іх гісторыяй. Неўзабаве ў мяне з’явілася асабістая бібіліятэка з фатаздымкамі менскіх муралаў. А калі ёсць матэрыял, то гэта ўжо файная нагода падзяліцца ім з іншымі людзьмі. Лепш за ўсё гэта рабіць падчас шпацыру, таму ідэя аўдыёгіда паказалася мне самым трапным увасабленнем маёй прагі падзяліцца з сусветам сваімі ведамі. 

Так з’явіўся мой першы аўдыёгід па муралах вуліцы Кастрычніцкай. Гісторыю пра кожны з іх я складала на падставе апісанняў, якія знаходзіла ў сацыяльных сетках, на старонках мастакоў ці ў артыкулах беларускіх медыя. Але гэта быў яшчэ не канец… Маё захапленне культурай стрыт-арту прывяло да знаёмства з арганізатарамі фестываляў “Vulica Brasil” – Мілай Коткай і Данілам Коста. Менавіта дзякуючы ім на Кастрычніцкую прыйшоў стрыт-арт, муралы і ўрбаністычныя паляпшальніцтвы: лаўкі, пляж, альтанка. Міла і Даніла запісвалі доўгія інтэрв’ю з мастакамі пасля кожнага фестывалю. Стала відавочна, што на падставе гэтых матэрыялаў атрымаецца нашмат лепшыя гісторыі, чым тыя, якія я пісала, абапіраючыся на адкрытыя крыніцы. Таму я вырашыла зрабіць дубль 2: яшчэ адзін аўдыёгід амаль па тых жа кропках, але ўжо з іншым наратывам.

Беларускі мастак Захар Кудзін казаў, што сучаснае мастацтва задае пытанні. Адказы на іх мы шукаем самі. Самы важны момант у гэтым – калі з’яўляецца разуменне, куды рухацца далей.

***

Гісторыя, якую я хачу распавесці, падобная на разгляданне слайдаў комікса. Кожны з іх можна разглядаць асобна, у кожным ёсць свае героі, словы, дзеянні. А можна злучыць слайды разам і атрымаецца поўная гісторыя. Яе сэнс будзе мяняцца ў залежнасці ад паслядоўнасці слайдаў. Падобным чынам у кінастужках працуе эфект Кулешова, калі дадатковыя сэнсы з’яўляюцца паміж дзвумя кадрамі, якія змантаваны побач.

Мая гісторыя – пра муралы, якія былі створаны падчас правядзення фестываляў “Vulica Brasil” у Менску. Слайды комікса – гэта як асобныя кропкі для аўдыёгіда, які правядзе слухачоў скрозь усе муральныя цікавосткі. 

Прапаную зазірнуць на два такія “слайды” і паразважаць, які дадатковы сэнс з’яўляецца ў іх злучэнні?

  1. OsGemeos (Осжэміус), “Менскі гігант”, 2015

Зараз мы знаходзімся на вуліцы Энгельса. Бачыце будынак Бразільскай амбасады? Яго лёгка пазнаць, бо спінай да яго прыціснуўся чалавек вышынёй з трохпавярховы дом.

Давайце падыдзем да мурала, але спачатку паглядзім на будынак злева. У ім знаходзіцца медычны центр.

Аднойчы да доктара прыйшоў пацыент. Ён прыходзіў ужо не ў першы раз, і ўсе папярэднія разы быў самотны і заклапочаны. Але гэтым разам яго твар быў светлы, а на вуснах з’явілася ўсмешка. Доктар быў вельмі здзіўлены, але калі пасля прыёму выйшаў на двор крыху падыхаць восеньскім павертам, сам прынёс у свой стэрыльны медычны кабінет промні ўсмешкі. Бо ўбачыў на двары двух спадароў, якія стаялі на пад’емнніку каля суседняга будынка і вадзілі валікамі і пэндзлямі па сцяне. “І што тут незвычайнага, – скажаце вы, – супрацоўнікі ЖЭСа гэтак робяць штодня, і нікога гэта не радуе”. Незвычайнае было ў колеры – ён быў яркі і насычаны. Такі сакавіты, што ад яго станавілася цёпла, як ў Афрыцы ці ў Бразіліі. 

Дарэчы гэтыя два чалавекі з фарбамі прыехалі да нас менавіта з Бразіліі. Іх завуць Густаву і Атавіу Пандолфу. Гэта іх сапраўдныя імёны, але вы, можа, ведаеце іх пад творчым псеўданімам OsGemeos – на партугальскай мове гэта значыць “двайняты”. 

Муралы-гіганты – адметная рыса іх выяў. У кожным горадзе, дзе бываюць браты, яны пакідаюць выяву гіганта. Але тыя заўсёды розныя: яны выглядаюць так, каб найбольш пасаваць краіне, месцу і людзям, паміж якіх ім наканавана жыць. На эскізе менскі гігант  быў падобны да офіснага клерка з гальштукам. Было адчуванне, што ён хоча вырвацца з будынка і ўцячы. Так мастакі адчувалі горад на адлегласці, гледзячы на фатаздымак сцяны за сотні кіламетраў адсюль. Але калі яны прыехалі і ўпершыню ўбачылі сцяну, будынак, прастору і людзей, задума змянілася.  Па-першае, яны вырашылі выкарыстаць сцяну так, як ніколі раней не рабілі: зрабіць аб’ем не з дапамогай мастацкіх сродкаў на плоскасці, а з дапамогай бакавых сцен. У выніку атрымаўся сапраўдны трохмерны чалавек.

Давайце паразглядаем мурал не толькі зпераду, але зазірнем на яго правы і левы бок. Паглядзіце, як файна атрымаўся аб’ём з улікам архітэктурных асаблівасцяў будынка.

Па-другое, гігант стаў падобны не на заклапочаннага супрацоўніка амбасады, а на спакойнага чалавека, які прачнуўся і пераасэнсоўвае жыццё. Насамрэч яно ў героя насычанае, і успаміны аб ім быццам прынтам праступаюць на кашулі. Прыглядзіцеся, на ім шмат партрэтаў, асабліва дзявочых.

  • На гэты прынт нас натхнілі менскія дзяўчаты, – кажа Густаву.

  • Вы намалявалі выяву кожнай, якая праходзіла тут? – пытае Міла, арганізатарка стрыт-арт фестываляў.

  • Не, але ўсе, каго мы бачылі, вельмі прыгожыя.

Але нават дзявочая прыгажосць не збівае Гіганта з філасофскіх думак. Ён пра нешта разважае. Гігант нарадзіўся тут, і ён будзе жыць тут. Яго браты і сёстры ў іншых гарадах і краінах – Нью-Йорку, Даніі, Галандыі – існуюць паміж мільёнаў рэкламных шчытоў, інфармацыйных шыльд і іншых муралаў. Каб не згубіцца ў навакольнам асяроддзі, яны вымушаныя быць выразнымі, упэўненымі лідарамі.

Азірніцеся навокал. Адчуйце асяроддзе. Якога яно колеру? Як яно гучыць?

Менскаму гіганту можна быць самім сабой. Можна засяродзіцца на назіранні наваколля і адпачываць. Бо тут на сценах НІЧОГА няма.

  • Усё навокал чыстае, і пасярод гэтай арганізаванасці сядзіць наш Гігант. Ён прыўносіць беспарадак ў гэта стэрыльнае атачэне, – кажа Атавіу.

Гігант працягвае сядзець і назіраць. Ён – сведка гісторыі нашага горада з 2015 года. Заўважце, што яго сакавіты колер так і не страціў свой смак. Не ўсім муралам так шанцуе, але пра нашага паклапаціліся лепш за астатніх.

Падыйдзіце бліжэй. Дакраніцеся рукой да сцяны. Яна грудкаватая, але плаўная, падобная да ледзянога покрыву на возеры.

Паверхню мурала пакрылі адмысловым лакам. Гэта яго вопратка, якая ахоўвае ад дрэннага надвор’я і дрэнных людзей. Калі нехта намалюе зверху свае выявы, іх можна будзе змыць любым растваральнікам і не пашкодзіць гіганта. Можа, таму менскі гігант захоўвае такі ўпэўнены спакой, бо яму не трэба змагацца за тое, каб быць бачным. Яму можна проста быць і трансфармаваць прастору праз сваё існаванне.

  • Графіці – гэта партал. Гэта вакно ў іншае вымярэнне, у іншую гісторыю, з якой ты сябе альбо атаясамліваеш, альбо не. Але з таго моманту, як ты прайшоў побач, гэта гісторыя стала часткай цябе, – тлумачыць Густаву.

  1. Bruno Big, “Даглядай за сваім садам”, 2019

Наступны мурал знаходзіцца з адваротнага боку завадскога будынка. Уявіце, што вы чуеце голас гэтай выявы:

  • Вітаю, я дзяўчына, ці зможаш мяне знайсці?

Паспрабуйце адшукаць абрыс дзяўчыны сярод стракатых частак мурала.

  • Бачу, што атрымалася, здагадайся, што я раблю?

Падыйдзіце бліжэй, прыгледзьцеся да яе паставы. Што яна вам нагадвае?

  • Не, я не б’ю лынды. Паспрабуй яшчэ раз. Што ты бачыш вакол мяне?

Паглядзіце на абедзьве часткі сцяны.

  • Гэта мой сад, і я яго даглядаю. Чаму я з ім амаль зліваюся? Бо мой сад – гэта частка мяне, ён знаходзіцца унутры, а не звонку. Такі сад ёсць у кожнага чалавека.

Яркія колеры, насычаныя адценні. Здагадайцеся, з якой краіны прыехаў мастак, які стварыў гэты мурал? Так, таксама з Бразіліі. Яго завуць Bruno Big.

Спачатку ідэя мурала лунала на ўзроўні пачуццяў. Мастак вырашыў пашукаць адпаведны вобраз у музыцы і літаратуры. І знайшоў. Гэта быў верш. Яго напісаў бразільскі пісьменнік Тэйшэйра дэ Мэла. У ім ёсць радкі: “Не трэба бегаць за матылькамі. Дастаткова добра клапаціцца аб сваім садзе, і матылькі прыляцяць да цябе самі”. Часам не трэба шукаць адказы звонку – дастаткова разабрацца з самім сабой, тады і вонкавыя змены адбудуцца самі.

Гэта метафара добра адлюстроўвае трансфармацыі гарадской прасторы, якія адбываліся ў межах стырт-арт фестывалю “Vulica Brasil”. Дзякуючы яму ў 2014 годзе ў центр Менска прыйшлі першыя муралы. Дзякуючы яму вуліца Кастрычніцкая з занядбанай ператварылася ў прывабнае месца для сустрэч і балбатні. А што наконт унутраных змен? Bruno Big іх таксама заўважыў:

  • Насамрэч, Вуліца ўжо змяніла ваша грамадства. Яно ўжо заражанае любоўю да стрыт-арту і графіці. Я бачыў мастакоў. Гэты раён – іх лабараторыя, ці не так? Калі чалавек малюе першы раз, адчувае гэтую свабоду… Аднойчы выпрабаваўшы гэта, цяжка адмовіцца, таму што гэта прыносіць шмат досведу, як мастаку, так і іншым людзям. Яго будзе не хапаць.

“Vulica Brasil” – не камерцыйны праэкт: ні мастакі, ні валанцёры не атрымлівалі заробак за сваю працу. І калі ў 2015 годзе дапамагаць прыйшлі дзесяткі людзей, то на наступны год іх было каля двухсот. Шчырую і добрасумленную працу валанцёраў адзначыў і Bruno Big:

  • Вуліца адрозніваецца ад іншых мерапрыемстваў, дзе мне даводзілася ўдзельнічаць, менавіта ўдзелам людзей. Ніколі не бачыў нічога падобнага. Валанцёры працавалі з вялікім імпэтам і самааддачай. Гэта стварала асаблівую атмасферу. Гэта ўнікальная энергія, калі чалавек робіць нешта задарма, з любоўю. За грошы яе немагчыма набыць.

  • Калі чалавек робіць нешта задарма, – дадае Міла Котка, – значыць, гэта важна для яго. Я б хацела ўсім заплаціць, але ў нас на фестывалі іншая валюта – сяброўства, салідарнасць і сінэргія.


Поўны тэкст аўдыя-гіда будзе складацца прыкладна з 20 кропак, і будзе апублікаваны на сайце izi.travel

На сённяшні дзень гатовы цізер для аўдыё-гіда, ў які ўвайшлі аповеды яшчэ пра тры мурала на Кастрычніцкай. Ён дасяжны па спасылцы.

Вынікі другога конкурсу праектаў
18 крас 2024

Вынікі другога конкурсу праектаў

У лютым 2024-га Social Camp абвясціў закрыты конкурс праектаў для ўдзельні_ц праграм адукацыі і ментарынгу. Распавядаем, якія праекты атрымалі фінансавую падтрымку ў гэтым годзе.

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Рэгістрацыя на праграмы адкрыта!
31 каст 2022

Рэгістрацыя на праграмы адкрыта!

Дэдлайн – 13 лістапада

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Партфоліа праекта «Let’s Wiki»
11 вер 2024

Партфоліа праекта «Let’s Wiki»

Узмацняем голас Беларусі ў свеце разам!

Чытаць цалкам Чытаць цалкам