Founded by the European Union

Конкурс эсэ: тэкст Дзяніса Каляды

Што такое сучасная беларускасць? Паразважаць на гэтае пытанне мы запрасілі нашых студэнт_ак і менці ў межах адкрытага конкурсу. Публікуем эсэ, абранае журы нашага праекту.

Конкурс эсэ: тэкст Дзяніса Каляды

Пачатак пачаткаў

Я дакладна не памятаю таго моманту, калі ўпершыню пачуў беларускую мову. Бо не было такога моманта ў жыцці. Не, не ў тым сэнсе, што я не чуў беларускую мову да таго, як нехта мне сказаў: “А вось так гучыць беларуская”. Я маю на ўвазе, што гэта было нечым такім, што прыйшло ў маё жыццё само сабой. З таго самага першага моманту ў жыцці, які я памятаю. Калі я сядзеў у пясочніцы пад яблыняй, а маці клікала ў хату на абед. Я ўсё ж такі вырас у вёсцы, і размаўлялі там на “своій мові”. Яна нагадвае і беларускую, і ўкраінскую, і рускую. Памятаю, што адна з бабуль выкарыстоўвала і польскія словы. Напрыклад, летам клікала мяне з братам на “трускаўку”, а не на “клубніцы”. А дзядуля, якога ўжо даўно няма, распавядаў казку пра цмокаў і змея-гарыныча. Таму я з самога дзяцінства рос у нейкай шматмоўнай сям’і. Але гэта я толькі зараз разумею. Бо тады, у тыя гады, тая мова, на якой сварыліся бацькі, распавядала казкі бабуля, прыходзіў любімы часопіс, – гэта ўсё была адна мова, якую я разумеў і мог вольна на ёй размаўляць.

Дзённік

Жадаеце пачуць прыкол, якія быў звязаны са мной і беларускай мовай? Гэта зараз для мяне вельмі смешная гісторыя, але тады, у 6 гадоў, калі я пайшоў у школу, мне здавалася супер-сур’ёзнай рэччу. Дык вось. Як зараз памятаю, мой першы дзённік быў жоўтага колеру. Такі жоўты, што нават вочы выцякалі. Кісла-жоўты. І на яго вокладцы было напісана “Дзённік”. І я падумаў, калі ўпершыню яго пабачыў, што гэта нейкая персаналізаваная кніжачка, якую трэба будзе запаўняць і нешта запісваць. І яна менавіта так наываецца, бо я Дзяніс.

“Гэта цудоўна. Значыць, у Аліны будзе “Аліннік”, а ў Сяргея – “Сяргейнік” ”, – вось такія былі думкі ў першыя дні вучобы. Вы толькі ўявіце, якое ў мяне было расчараванне, калі я пабачыў, што дзённікі былі ва ўсіх маіх аднакласнікаў, а не толькі ў мяне. Але затым я гэта прыняў. Зараз нават смешна, які я быў наіўны.

Школа

У старэйшых класах з’явіліся розныя навукі. І ўсе яны выкладаліся па-беларуску. Так, гэта была асаблівасць вясковых школ. Матыматыка – па-беларуску, фізіка і хімія – па-беларуску, гісторыя мастацтва ў 9 класе – таксама на роднай мова. Ці былі тады ў мяне нейкія праблемы з мовай? Канешне, не. Ці разумеў я тады, што я беларус? Адказаць складана, бо такога пытання не ўзнікала. Але мне падабалася слухаць гісторыі пра тое, якой наша дзяржава ВКЛ была вялікай і моцнай. Якія славутыя кіраўнікі ў яе былі. Як мае землякі змагаліся ў партызанскіх атрадах. І на кожным, кожным уроку музыкі настаўнік на баяне граў паланэз Агінскага. Наколькі гэта быў моцны твор для мяне тады. Ад якога мурахі бегалі па скуры...

Падлетак. Радыё. Мова

Я так моцна любіў слухаць радыё, што як толькі была магчымасць яго ўключыць, знайсці любімую хвалю і слухаць, – я так і рабіў. І, канешне ж, першая сучасная песня па-беларуску прагучала для мяне менавіта па радыё. Я зараз не ўзгадаю, што гэта было, але ярка памятаю, што тады па радыё часта гучалі беларускамоўныя песні J:Mors. Гэта было каханне з першай песні і да гэтага часу: “Верас у локанах патоне, вецер на тваiх далонях”.

Прывітанне, студэнцтва

Лета 2010-га было трывожным, бо я здаваў ЦТ, уступныя экзамены, чакаў вынікаў  – “бюджэт” ці “платка”. Тады нават падумаць не мог, што лета 2020-га будзе яшчэ больш гарачым. Але пра гэта пазней.

Уступныя экзамены здаваў па-беларуску, мову на ЦТ выбраў беларускую. Магчыма, зараз я сказаў бы, што гэта быў выклік, але на самой справе я тады не прыдаваў таму нейкага вялікага значэння: беларуская так беларуская. Не праблема.

А вось калі пачаліся першыя лекцыі і практычныя заняткі, маё разуменне важнасці беларускай мовы прыняло канцэптуальны характар. Бо такіх аматараў сваёй справы, як мае выкладчыкі беларускай літаратуры, беларускай мовы, фальклору, я не бачыў. Яны не проста выкладалі, яны жылі тым, пра што казалі. Яны рэальна маглі закахаць у мову кожнага, нават таго, хто быў абыякавым. Я, нажаль, ужо быў “сапсаваны” беларускай мовай і беларускасцю. Дзякуй мінулым 18 гадам жыцця.

Актывізм, у самым здаровым яго праяўленні

Мабыць, усе НДА-шнікі згадзяцца са мной, што гэтая сфера дзейнасці ў Беларусі мае нейкі лёгкі флёр беларускасці. Дык і я, калі пачаў удзельнічаць у разнастайных адукацыйных і актывісцкіх праграмах і праектах, адчуў яго. Збольшага – беларускамоўныя эксперты і трэнеры, вечаровыя пасядзелкі за півам ці гарбатай, пад “Ляпісаў” і NRM.

Да гэтага часу, а ўжо мінула больш за 12 гадоў, лічу сваімі добрымі прыяцелямі тых людзей, з якімі яшчэ тады завязаўся кантакт. Адбыўся мэтч. А пазнаёміліся мы на аснове таго, што любілі Беларусь, хацелі зрабіць нешта карыснае і важнае, шанавалі мову і культуру.

Першая праца

Калі пачаў працаваць, а дакладней – адпрацоўваць пасля бюджэту, то мая беларускасць стала яшчэ больш праяўляцца. Выданне, дзе я пачаў свой прафесійны шлях, доўгі перыяд друкавалася па-беларуску. Канешне, дзяржаўная палітыка і змена пакаленняў вырашылі сваю справу, і ў 2015 годзе беларускай мовы ў раёнцы засталося не так шмат, як было раней. Руская мова таксама выціскала беларускую і ў школах, і ва ўніверсітэтах, і ў паўсядзённых справах беларусаў.

Памятаю свае працоўныя паездкі ў разнастайныя вёскі ў пушчанскім краі. А там – сапраўдная Беларусь. Мову, на якой там размаўлялі, я раней не чуў. Гэта быў невядомы мне дыялект. У маёй роднай вёсцы гаварылі па-іншаму. А тут, каля Белавежжа – неяк інакш. Нейкі свой акцэнт, свае словы. Вось так прыходзіш да бабулі, яна распавядае нешта, і ў нейкі момант кажа такое, што я не разумею. Перапытваю. Яна пераходзіць на рускую і тлумачыць. Прыгажосць. Унікальнасць.

2020

Ой. Цяжка ўздыхаю. Жыццё нібы падзялілася на “да” і “пасля”.

Такі час, які буду памятаць доўга. І калі мяне нехта спытае, ці памятаю я час, калі адчуваў самае вялікае расчараванне і крыўду, то я адкажу, што ў жніўні 2020 года. Калі мяне спытаць, у які момант жыцця я адчуваў гонар і эмацыйны ўздым, – я таксама назаву 2020.

Той час быў самым прыгожым. І, адначасова, самым трагічным. За ўсе мае 28 гадоў.

Мары, якія былі тады, звязваліся з шмат чым. І ў тым ліку, з мовай, беларускай культурай, нацыянальнымі сімваламі. Я так шмат бачыў прыгожых людзей. Я так шмат чуў прыгожых слоў. І гэта ўсё перапаўняла мяне. Вось-вось яшчэ троху і я апынуся ў зусім іншай Беларусі. У той, уяўленні пра якую доўгі час фармавалася ў маёй галаве. Але...

Вайна

Дзякуй Богу, я пабачыў навіну, што Расія напала на Украіну, толькі тады, калі прачнуўся ад будзільніка на мабільным тэлефоне. І адразу нейкая прастрацыя. Нібыта дзементары пазбавілі мяне ўсіх эмоцый. Толькі праз гадзіны я зразумеў, што адбылося, калі пабачыў сумныя вочы прыяцелькі. Мы абняліся і заплакалі. Вайна не мая, а мне так балюча і крыўдна...

Праз некалькі дзён ад пачатку вайны стала ясна, што так, як раней, ужо не будзе. Ніколі. І што калі зараз не пачаць рабіць тое, што раней здавалася не такім важным і адкладвалася “на потым”, то ўжо не зробіцца ніколі. І мне наканавана застацца тым, якім я ёсць. Вось з гэтага моманту жыццё ў чарговы раз падзялілася на “да” і “пасля”.

Узгадваю, што я пачаў як мага болей размаўляць па-беларуску, “перавеў” свае сацсеткі на мову і стаў часцей пісаць на роднай мове. Я пачаў цікавіцца гісторыяй. Гісторыю сваёй вёскі ведаў добра, гісторыю Берасця, якое бязмежна люблю, таксама... А вось астатняе? Што там?

Пры кожнай магчымасці ехаў з сябрамі ў нейкія падарожжы па Беларусі, замаўляў месца ў турыстычнае рандэву. Да моманту рэлакацыі наведаў шмат мясцін, пра якія раней не чуў. Пазнаёміўся з такімі ж беларусамі і беларускамі, якіх натхняюць беларускія краявіды і новыя гісторыі.

Лес, поле, рэчка. Поле, поле, неба блакітнае. А на фоне: “Падымі мяне, паветраны шар”.

Вайна змяніла маё стаўленне да свайго, роднага. Гледзячы на тое, як украінцы змагаюцца за сваю волю і долю, вельмі захацелася быць вольным. Каб ніхто не змог адабраць ні волю, ні мову, ні культуру... Забраць тое, што робіць мяне мной, яднае мяне з славутымі продкамі і маімі продкамі па крыві. Каб ніхто-ніхто не змог вырашаць за мяне, хто я ёсць.

Рэлакацыя

Зараз я не дома. Не з роднымі і блізкімі, як хацеў бы. Не ў тых месцах, дзе хацеў бы быць. Але, як мне падаецца, менавіта зараз у мяне з’яўляецца разуменне, хто я такі, адкуль і што магу зрабіць для сябе, сваіх родных, для сваёй Беларусі.


 

Партфоліа праекта «Не маўчы»
03 крас 2024

Партфоліа праекта «Не маўчы»

Шчыры аповед пра тое, што атрымалася і не, ад арганізатарак фестывалю «Не маўчы»

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Online-Camp Digital Leaders
06 вер 2023

Online-Camp Digital Leaders

Скарыстайся шанцам стаць лічбав_ай лідэрк_ай і арганізатар_кай Online Camp!

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Першы набор курсаў адзначыў "медыум"
23 лют 2023

Першы набор курсаў адзначыў "медыум"

Трохі лінгвістычнай інфармацыі ад каманды Social Camp: Obchodzić połowinki (пол.) / ein Bergfest feiern (ням.) / to reach the mid-way point (англ.) / пераадолець экватар (бел.) : дасягнуць сярэдзіны шляху , часу, перыяду і гэтак далей.

Чытаць цалкам Чытаць цалкам