Founded by the European Union

Конкурс эсэ: тэкст Мары Ажынскай

Што такое сучасная беларускасць? Паразважаць на гэтае пытанне мы запрасілі нашых студэнт_ак і менці ў межах адкрытага конкурсу. Публікуем эсэ, абранае журы нашага праекту.

Конкурс эсэ: тэкст Мары Ажынскай

Беларускасць – гэта частка ідэнтычнасці. Гэта характарыстыка, якую вызначаюць пра сябе самі людзі. Яна не залежыць ад месцазнаходжання людзей, іх паходжання і краіны іх нараджэння. Яе фактычныя складнікі залежаць ад уяўлення людзей пра беларускасць і пра тое, што значыць быць беларускамі і беларусамі. Згодна з гэтым уяўленнем людзі выбудоўваюць уласныя алгарытмы паводзін.

Мая беларускасць пачалася з мовы: ад станоўчага стаўлення да беларускай мовы да штодзённай гаворкі на ёй.

Аднойчы я зайшла ў менскі тралейбус з пяцігадовым сынам. Перада мной стаяў добра апрануты малады франт: сіняя кашуля, белы піджак, сонечныя акуляры. Ён нешта запытаў, я адказала.

“Вы в Минске родились?”, – пацікавіўся малады спадар, пачуўшы ад мяне адказ на беларускай мове.

“Так”, – адказала я і ў сваю чаргу запытала, – “А вы? Звычайна мне такое пытанне задаюць не менчукі.”

“Я ничего не понимаю из того, что вы говорите”, – цвёрда адказаў франт. Ён павярнуў свой твар да майго і павольна, выразна выгаворваючы кожнае слова, прамовіў: “Я ненавижу белорусский язык. Ненавижу!”

У гэты момент я вельмі хвалявалася, каб гэтыя словы не пачуў мой сын. Але ён быў надта заняты назіраннем за дарогай і за лямпачкамі, якія ўключаліся на панэлі кіравання ў кабіне кіроўцы.

“Мама, гэта наш прыпынак, выходзьма”, – абвесціў мой сын і, схапіўшы мяне за руку, пацягнуў да выхаду.

Разам з намі з тралейбуса выйшла спадарыня сталага веку. Яна нахілілася да сына: “Малайчынка, што размаўляеш па-беларуску”, – і пагладзіла яго па спіне. Сын з ззяючымі вачыма зірнуў на мяне. “Дзякуй”, – прамовіла я. “Гэта вам дзякуй”, – адказала спадарыня.

Біпалярнае стаўленне да мовы – наша беларуская рэчаіснасць. Ці можам мы сказаць, што ў беларусаў з адмоўным  стаўленнем да беларускай мовы меньш беларускасці ў параўнанні з тымі, хто размаўляе на ёй штодзень? На гэта пытанне можна адказаць толькі праз апытанкі і размовы з людзьмі, якія атаясамляюць сябе з беларускамі і беларусамі. Менавіта іх абагуленыя галасы здольныя ўдакладніць паняцце беларускасці.

Я магу сцвярджаць толькі адно: немагчыма быць абыякавымі да культуры і гісторыі народа, мову якога мы вывучаем. А мова – гэта прызма, праз якую мы бачым свет і робім высновы, што нам у ім падабаецца, а што не. Гаворка на беларускай мове – крок да беларускасці.

З нараджэння я рускамоўная, але пачала ўваходзіць у сферу беларускай мовы ў год нараджэння сына. Мы з мужам вырашылі, што першая яго мова мусіць быць беларускай, а гэта магчыма зрабіць толькі ў адным выпадку: мы самі мусім пачаць дома і размаўляць, і злавацца, і радавацца толькі па-беларуску. Я памятую, як сядзела, нахіліўшыся над маім немаўляткам, трымала ў руках шкарпэткі і ў думках узгадвала іх назву, бо напачатку блытала словы “шкарпэткі” і “панчохі”. Паступова знік моўны бар’ер, і ўзгадваць словы стала лягчэй.

Не так даўно мне тэрмінова спатрэбіўся беларускі народны строй. Я пачала наведваць вечарыны беларускіх танцаў. Нягледзячы на тое, што і ў джынсах мне танчыцца вельмі файна, менавіта строй здольны надаць гэтаму працэсу яшчэ большай асалоды. Адна дзяўчына на вечарыне заўважыла, што раней яна танчыла пад песні “Фабрики звезд”, а зараз набыла сукенку з вышыўкай і з асалодай танчыць “Вішаньку” пад баян.

Вывучэнне мовы падцягнула цікавасць да гісторыі і культуры. Я зразумела, што сама з’яўляюся іх часткай. Калісьці я вывучала гісторыю сусветнага мастацтва і мусіла завучыць на памяць назвы і выгляд архітэктурных і мастацкіх асаблівасцяў розных эпох. У поле беларускай культуры ўваход быў лягчэйшы, бо ён здзяйсняўся праз асабістыя ўспаміны: прыклады культурных артэфактаў паўставалі знаёмымі вобразамі з бабулінай хаты. Таму для мяне мова была першай і карыснай пігулькай,  якую я прыняла і пасля якой шлях да беларускай культуры перастаў патрабаваць шмат высілкаў. Яна стала гучаць унутры мяне шэптам продкаў.

Ці абавязкова ведаць гісторыю і культуру, каб выгадаваць у сябе беларускасць? У любой з’явы, якая прэтэндуе на доўгае існаванне, мусіць быць падмурак. Гісторыя і культура з’яўляюцца такімі моцнымі і сталымі рэчамі, на якія абапіраецца сучаснасць. Калі ў з’явы няма мінулага, то ў яе няма і будучыні. Беларускі мастак Cowek у адным інтэрв’ю цытаваў словы вядомага індзійскага прапаведніка Оша: “Не шукайце лепшага, а шукайце сваё. Лепшае не заўсёды будзе тваім, але сваё – заўсёды лепшае”. Мастак распавядаў, што раней капіяваў замежныя штампы, а свой адметны стыль змог знайсці ў беларускіх легендах і паданнях, бо толькі ў гэтай сферы было нешта ўнікальнае.

Ці можна сцвярджаць, што беларускасць крыецца толькі ва ўжыванні беларускай мовы ў штодзённым жыцці?

Мая сяброўка нарадзілася ў вёсцы, але падчас вучобы ў менскім ВНУ выціснула са сваёй гаворкі нават беларускі акцэнт і зараз размаўляе на выкшталцонай расейскай мове. На пытанне, ці падтрымлівае яна ідэю аб тым, каб у Беларусі засталася адна дзяржаўная мова – беларуская, – яна адказала адмоўна. Сяброўка працуе ў аддзеле кадраў, і перспектыва пераводзіць усё справаводства на беларускую мову яе пужае. Дадатковыя высілкі на гэты працэс марнаваць яна не згодная. Сяброўка лічыць сябе беларускай і ўхваляе ідэю аб Беларусі як асобнай незалежнай краіны, але не хоча мяняць звыклы лад жыцця.

У Беларусі багата выбітных людзей, для якіх асноўная мова зносін – расейская, але якія робяць вялікі ўнёсак у развіццё беларускай культуры. Уладзімір Мацкевіч, Уладзімір Цэслер... Можа, мова – гэта толькі інструмент, а беларускасць крыецца ў іншых рэчах?

Супрацоўнікі КДБ, якія здзяйснялі ператрус у нашай кватэры, ведалі, чым адрозніваецца герб Пагоня ад герба Літвы, беларуская лацінка ад польскай мовы і ўхвалялі кнігі па гісторыі ВКЛ. Але іх кабінет стракацеў ад расейскіх сцягаў і гербаў. Мусіць, у іх таксама ёсць свая ідэя беларускасці.

Для кагосьці Беларусь існуе толькі ў складзе “дружественного союза” з усходняй дзяржавай, а беларускасць з’яўляецца чымсьці падобным да разынак ў рускім свеце, якія паказваюцца з нагоды дзяржаўных святаў, а пасля зноў хаваюцца ў цёмную шафу. Для кагосьці беларускасць зусім не звязана з мовай, а хтосьці п'е беларускую мову нагбом. Хтосьці адмыслова аддае сваіх дзяцей у школы, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове, але ў хатнім асяродку працягвае стасункі на расейскай мове. Для кагосці беларускасць праяўляецца толькі ў падтрымцы афіцыйнай палітыцы Беларусі, а для кагосьці – толькі ў падтрымцы яе апанентаў. Калі я звязваю асабістую беларускаць з беларускай мовай і культурай, гэта не з’яўляецца адзіным слушным вызначэннем гэтага тэрміна. Дакладна магу сцвярджаць толькі адно: шчырая беларускасць захоўваецца ў сэрцы, а не ў якасці вонкавых дэкарацый. 

У сітуацыі геаграфічнай адлегласці беларусак і беларусаў ад роднай краіны беларускасць вылучаецца ў жаданні не асімілявацца, а вылучацца сярод мясцовага насельніцтва. Але вылучацца так, каб наладжваць сяброўскія, а не варожыя стасункі з прадстаўнікамі іншых краін. Быць беларускамі і беларусамі сёння – гэта не толькі гуртавацца разам, але і весці культурную дыпламатыю ў тых краінах, дзе мы знаходзімся, супрацоўнічаць з народамі, на чыіх землях зараз жывём.

На сённяшні дзень у тэрміна “беларускасць” шмат розных граняў, бо на нашых вачах адбываецца працэс яго станаўлення і ўдакладнення значэння: мова, сімвалы, прывязка да пэўнага палітычнага накірунка, адметныя рысы паводзін беларусак і беларусаў  і інш. Сёння мы на ростанях. Кожная і кожны з беларусак і беларусаў штодня выбудоўвае алгарытмы паводзін, якія ў будучыні стануць падмуркам для лексічнага вызначэння слова “беларускасць”. Толькі праз галасы мільёнаў можна зрабіць выснову, што значыць для людзей  быць беларускамі і беларусамі.

Прапаную кожнай і кожнаму рабіць асабісты ўнёсак. Прасоўваць сваё разуменне беларускасці і паводзіць сябе ў штодзённасці так, як варта весці сябе беларускам і беларусам. Дзякуючы сучасным тэхналогіям гэта рабіць нашмат прасцей, чым 100 год таму.

Беларускасць ува мне і ў цябе, ува ўсіх нас. А якімі прыметнікамі будуць апісваць тэрмін “беларускасць” у будучыні – залежыць толькі ад нас.




Партфоліа праекта «Не маўчы»
03 крас 2024

Партфоліа праекта «Не маўчы»

Шчыры аповед пра тое, што атрымалася і не, ад арганізатарак фестывалю «Не маўчы»

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Маё смецце вандруе больш за мяне!
17 вер 2023

Маё смецце вандруе больш за мяне!

Адна гісторыя экаактывізму

Чытаць цалкам Чытаць цалкам
Вітаем у Social Camp!
30 каст 2022

Вітаем у Social Camp!

Гётэ-Інстытут у Варшаве рады абвясціць аб пачатку Social Camp – новага праекта Еўрапейскага саюза.

Чытаць цалкам Чытаць цалкам